Ерэван пакрыўдзіўся на Менск


Словы Аляксандра Лукашэнкі абурылі выканаўцу абавязкаў прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыньяна. А патрабаванне тлумачэнняў выказвання абурыла ўжо айчыннае Міністэрства замежных справаў.

Ерэван абураны, выканаўца абавязкаў прэмʼера Нікол Пашыньян заявіў, што будзе дабівацца тлумачэнняў ад Аляксандра Лукашэнкі. Маўляў, асоба, якая ўжо трыццаць гадоў кіруе краінаю, магла б быць паасцярожней у выказваннях. Гаворка канкрэтна пра гэтыя словы кіраўніка Беларусі.

«Яны ўзначальваюць сёння ЕўразЭС – наш эканамічны саюз і АДКБ – вельмі вялікая нагрузка на краіну, якая на пераходным перыядзе. І ці справіцца Арменія?»

Падзяліўся сумневамі Лукашэнка з амбасадарам Азербайджану. Баку не сябра ЕўразЭС, не хаўруснік Менску ў АДКБ. У адрозненне ад Ерэвану, які перабывае ў стане фармальнай вайны з Баку праз справу Нагорнага Карабаху. Не прайшло і пары гадзінаў, як сёння ж айчыннае МЗС ледзь не здзекліва адрэагавала.

«Напэўна, спадар Пашыньян пакуль што не зразумеў, што правілы гэтак званай вулічнай дэмакратыі ў вялікай палітыцы не прымальныя. Шкада. Спадзяемся, што з часам гэта пройдзе», – кажа Анатоль Глаз, прэз-сакратар МЗС Беларусі (у каментары TUT.BY).

Паводле адмыслоўцаў, нягледзячы на абдымкі на публіцы яшчэ свежая палітычная мінуўшчына Нікола Пашыньяна не дае спакою афіцыйнаму Менску.

«Вельмі інстынктыўна ўлады Беларусі не могуць давяраць уладам Арменіі, бо яны на сённяшні дзень прыйшлі да ўлады дзякуючы народнаму пратэсту супраць аўтарытарнага карумпаванага кіравання», – лічыць Алесь Лагвінец, палітолаг, заснавальнік грамадскага руху «Дзея».

Пасля веснавой рэвалюцыі ў Арменіі завялі крымінальныя справы на былых высокапасадоўцаў. Іх абвінавачваюць у скасаванні Канстытуцыйнага ладу – гаворка пра крывавы разгон апазіцыйнай дэманстрацыі ў 2008 годзе.

Сярод абвінавачаных – экс прэзідэнт Робэрт Качар‘ян, а таксама былы намеснік міністра абароны і дзейны генеральны сакратар АДКБ Юрый Хачатураў.

«Не Аляксандру Рыгоравічу ўказваць, у чым ёй разбірацца, а ў чым не. Тым больш, калі разбірацца няма чаго. Пазіцыя – ясная. Спадар Хачатураў адкліканы. І квота ў Арменіі да 2020-га года», – кажа Рубэн Мэграб’ян, эксперт Армянскага Інстытутц міжнародных дачыненняў і бяспекі.

Тым не менш, партнёры намагаюцца адабраць у Арменіі кадэнцыю старшынства ў арганізацыі на карысць Беларусі – найвышэйшую пасаду ў АДКБ прадказваюць дзяржсакратару Савету бяспекі нашай краіны Станіславу Засю.

І, калі старшынства ў АДКБ рэч, хутчэй, сімвалічная – усё роўна асноўны гулец у камандзе – Масква, то продаж Баку беларускіх «Паланэзаў» – гэта цалкам рэальны крок.

«Беларусь прадае зброю Азербайджану, як раз з тае прычыны, што Азербайджан – ён больш багаты, ён можа купіць. У гэтым выпадку эканамічныя інтарэсы пераважаюць вайскова-стратэгічныя абавязкі», – тлумачыць Віталь Цыганкоў, журналіст Радыё «Свабода».

Эканамічныя інтарэсы – гэта адное. Але навошта публічна прыніжаць свайго хаўрусніка?

«За 24 гады перабывання ва ўладзе Лукашэнка нагаварыў столькі рэчаў супярэчлівых, прыемных як аднаму, гэтак і другому і трэцяму боку, што нейкай вялікай рацыянальнасці шукаць не трэба», – каментуе Алесь Лагвінец, палітолаг, заснавальнік грамадскага руху «Дзея».

Да таго ж, паводле палітолага, Лукашэнка мае сантымент да аўтарытарнага прэзідэнта Азербайджану Ільхама Аліева. Ужо ў панядзелак яго чакаюць з візітам у Менску.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»