Эрдаган ператварае Турцыю ў «суперпрэзідэнцкую»


Рэджэп Таіп Эрдаган перамагае на прэзідэнцкіх выбарах у Турцыі ў першым туры. І тым самым распачынае шлях да неабмежаванай улады. Дзяржаву чакаюць значныя змены. Парламенцкая рэспубліка мае пераўтварыцца ў «суперпрэзідэнцкую». Ёсць радасць адных, але слёзы роспачы ў іншых. Хаця канчатковыя вынікі Цэнтрвыбаркам абвесціць толькі ў пятніцу.

Крыкі радасці і эйфарыя ў прыхільнікаў Эрдагана. Ужо ў першым туры ён набраў 52,5 % галасоў.

«Гэта цудоўнае пачуццё. Мы перамаглі, не зважаючы на ціск, гвалт і медыйныя блакады. Мы вельмі шчаслівыя. Дзякуючы нашым людзям мы паказалі ганаровы супраціў», – кажа прыхільнік Эрдагана.

Апазіцыйны кандыдат Мухарэм Інджэ мае каля 31 %. Гэткага выніку апазіцыя не прызнае і кажа пра фальсіфікацыі.

«Я ў роспачы. Насамрэч. Мне толькі дваццаць пяць, я маладая. Гэта вельмі прыгожая краіна, у якой я хачу жыць. А ўсё ў небяспецы. Усё цяжэй тут жыць. Жанчына не шануецца, сістэма адукацыі перакуленая», – заўважае прыхільніца апазіцыі.

Але слязьмі гору не дапаможаш. Эрдаган ужо абвесціў сваю перамогу:

«Турцыя прыняла рашэнне на карысць рашучых дзеянняў супраць усіх тэрарыстычных арганізацыяў. Гэтыя вынікі таксама паказваюць, што мы працягнем вызваляць сірыйскія землі і адкрыем шлях уцекачам для бяспечнага вяртання дадому».

А таксама перамога адкрывае Эрдагану шлях да «суперпрэзідэнцкае» дзяржавы з парламентарнае, за што туркі прагаласавалі летась на рэферэндуме.

Знікае пасада прэм’ера, а на чале ўраду стане прэзідэнт. У парламенце павялічыцца колькасць дэпутатаў, а таксама іхны тэрмін. Пры гэтым незалежна ад парламенту прэзідэнт зможа выдаваць указы, прызначаць віцэ-прэзідэнтаў і чальцоў ураду, фармальна – кіраваць два тэрміны па 5 гадоў.

Гэтак Турцыя працягвае шлях да аўтарытарызму. А адным з першых Эрдагана павіншаваў Лукашэнка:

«Вынікі выбарчай кампаніі прадэманстравалі высокую ацэнку суайчыннікамі вашай плённай працы, скіраванай на далейшае ўмацаванне краіны і забеспячэнне яе ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Упэўнены, што пад вашым кіраўніцтвам Турцыя працягне свой паступальны рух па шляху прагрэсу і росквіту».

Яшчэ два гады таму Эрдаган падчас візіту ў Менск казаў пра неабходнасць павялічыць таваразварот паміж краінамі да мільярда долараў. І гэтае лічбы дасягнулі. Але апроч эканамічнае супрацы, ёсць і палітычнае падабенства.

«Прэзідэнт становіцца ключавой фігурай у палітычнай сістэме Турцыі. Ён канцэнтруе ўладу ў сваіх руках, і парушаюцца супрацьвагі прэзідэнцкай уладзе. Гэта значыць, што парушаецца падзел уладаў. І гэтым папракаюць Эрдагана, што ён стаў на шлях аўтарытарызму», – адзначае палітолаг Аляксандр Папко.

Як і Лукашэнка, Эрдаган няспынна кажа пра пагрозу дзяржаве. І пад гэтаю маркаю змагаецца з апазіцыяй. Менавіта пасля спробы перавароту два гады таму пачалася агрэсіўная расправа з апанентамі і рух да «суперпрэзідэнцтва».

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Goran Tomasevic/ Forum