Аб'ектыў 20.10.2018 Эр-Рыяд прызнаўся ў забойстве Джамаля Хашогжы ў консульстве


Журналіста «Ўошынгтан Поўст» Джамаля Хашогжы забілі ў генеральным консульстве Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле. Гэта афіцыйна прызналі ў Эр-Рыядзе. У справе ўжо арыштаваныя 18 асобаў, а два важныя працаўнікі страцілі свае пасады. Аднак у справе ўсцяж застаецца шмат пытанняў пра акалічнасці здарэння і тое, дзе цела загінулага.

«Забойства журналіста – злачынства!», – крычаць пратэстоўцы ў Вашынгтоне і трымаюць адрэзаную галаву, якая сімвалізуе жахлівае забойства журналіста Хашогжы ва ўласным консульстве. Пасля чаго цела, як меркуюць, расчлянілі і знішчылі.

«Джамаль Хашогжы знік пасля ўваходу ў саудаўскае консульства. Што з ім здарылася? Як гэта адбылося? Вядома, мы маем некаторую інфармацыю і доказы ў гэтай справе, таксама вынікі правярання ды следства, што з’явіліся на гэты момант», – сведчыць Мэўлют Чавушаглу, міністр замежных справаў Турцыі.

Турцыя абяцае, што пакажа ўсяму свету дэталі трагедыі, як толькі следства будзе скончанае. А Саудаўская Аравія ўрэшце прызналася: журналіста сапраўды забілі, але ў выніку бойкі ў консульстве. 18 грамадзянаў Саудаўскай Аравіі затрыманыя.

«Генеральны пракурор дапытаў некалькіх падазраваных, якія спачатку казалі, што Хашогжы выйшаў з консульства. А яны паехалі ў Стамбул, каб пераканаць журналіста вярнуцца на радзіму. Але размова ў консульстве не была спакойная, пайшла ў дрэнным кірунку, што скончылася бойкай і пацягнула за сабою гібель журналіста».

Аднак няма адказу, дзе цела журналіста і як адбылася трагедыя. Пакуль толькі гучаць абяцанні расследаваць справу. А пастаўленыя да сцяны саўдыты паступова прызнаюць новыя факты.

«Бойка ў консульстве – гэта толькі тэорыя, якую агучылі, але будзе і поўнае следства, ужо арыштавалі шмат асобаў, і гэта добры першы крок», – адзначыў Дональд Трамп, прэзідэнт ЗША.

Трамп лагодны ў словах і кажа, што пакуль верыць афіцыйнай заяве Саудаўскай Аравіі. Але ёсць і другі бок гэтае веры: вайскова-тэхнічная супраца Эр-Рыяду і Вашынгтону з інвестыцыямі на 110 мільярдаў долараў.

«Заява прэзідэнта Трампа няўдалая, бо служыць ахове ягонага вайсковага лобі ды ёсць ганьбаю для амерыканскага грамадства. Спадзяемся на падтрыманне абодвух бакоў амерыканскага кангрэсу. Мы перакананыя, што яны будуць імкнуцца да справядлівасці ў дачыненні чалавека, які меўся атрымаць іхнае грамадзянства і належаў да найбуйнейшай журналісцкай арганізацыі ў сваёй краіне. Планы Джамаля зламалі», – распавёў Фатых Эке, дырэктар турэцка-арабскай медыяасацыяцыі.

Ён прыйшоў у консульства зрабіць дакументы, каб пабрацца шлюбам. Але здарылася трагедыя. Журналіст крытыкаваў саудаўскага прынца.

Сяргей Падсасонны, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары