Эпідэмія каронавіруса ў Беларусі: няспраўджаныя прагнозы


Чэрыкаў – невялікі горад на Магілёўшчыне. Напрыканцы красавіка ў мясцовага настаўніка выявілі каронавірус. Цяпер тут зачыненыя ўсе тры школы. Жыхары Чэрыкава кажуць:

«Дырэктар другой школы разам з жонкай – кантакты першай групы, яны ў больніцы. Ёсць у Магілёве ў больніцы таксама настаўніца з другой школы».

«Цяпер я на каранціне, на бальнічным сама і дзіця таксама на каранціне. Закрылі ў нас РЭС і лясгас».

Патэнцыйным інфікаваным робяць тэсты ды адпраўляюць на два тыдні ў самаізаляцыю. Тым, хто працуе, – мераюць тэмпературу перад працоўным днём і пасля. Жыхары Чэрыкава прызнаюцца:

«Я, напрыклад, не баюся. Што суджана – тое суджана. Захварэеш – значыць захварэеш, пранясе – значыць пранясе. У мяне моцнай панікі няма».

«Ёсць страх, асцярогі за блізкіх, дзіця, але тое, што суджана – тое суджана».

Крыніца інфармацыі для жыхароў Чэрыкава, як і для іншых беларусаў, – знаёмыя. А таксама афіцыйныя звесткі, паводле якіх колькасць інфікаваных каронавірусам у краіне павялічылася да 19 255. Памерлі 112 пацыентаў. Гэта значыць, што за содні выявілі 905 новых выпадкаў і прызналі 5 смерцяў.

«Мы цяпер залезлі наверх. Трошкі ўпалі. І дай Бог, каб было так, мы спакойна праз месяц скончым гэтую эпапею», – гэтак выказаўся напярэдадні кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Адначасова свой прагноз агучыла і прадстаўніца Цэнтру гігіены і эпідэміялогіі Ірына Глінская ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1»:

«Мяркуем, што недзе праз месяц, магчыма, нават да канца гэтага месяца мы ўсё ж такі выйдзем на ўстойлівае зніжэнне захворвання, і тады ўжо можна будзе казаць пра нейкія наступныя прагнозы».

Гэта ўжо сёмы з пачатку эпідэміі прагноз беларускіх афіцыйных асобаў пра пашырэнне хваробы ў краіне. Ці спраўдзіліся папярэднія? У апошні дзень сакавіка, калі «Белсат» распавёў пра дзве першыя ахвяры COVID-19, а афіцыйная статыстыка прызнала толькі адну смерць, Лукашэнка заявіў, што распаўсюд каронавіруса ў Беларусі – на піку:

«Мы цяпер (гэта мае адчуванні, зыходзячы з лічбавага аналізу захворвання) на піку. Я ўжо малю Бога, каб да Вялікадня гэты пік сышоў уніз».

З таго часу колькасць інфікаваных павялічылася больш чым у 126 разоў. На Вялікдзень Наталля Жукава, галоўная дзяржаўная санітарная доктарка Беларусі, у інтэрвʼю каналу ОНТ заявіла:

«Ёсць перадумовы думаць, што захворванне павінна зніжацца ў наступныя тры-чатыры тыдні».

У дзень заявы было паўсотні новых выпадкаў каронавіруса. Цягам апошніх двух тыдняў колькасць выяўленых інфікаваных за содні вагаецца ў межах васьмі-дзевяці сотняў. Зніжэння няма. Праз паўмесяца даведаемся, ці спраўдзіцца яшчэ адзін прагноз. Паводле эпідэміёлага Віктара Сушчэвіча эпідэмія каронавіруса ў Беларусі дасягне піку ў дваццатыя дні траўня, пасля чаго пойдзе на спад.

Анастасія Русецкая, «Белсат»