Эмацыйная няўстойлівасць праз каронавірус можа прывесці да дэпрэсіі


«Найбольш перажываю за сталую маці, якой 83 гады». «Турбуюся за мужа: у яго дыябет». «Страшна за сябе, давялося дыстанцавацца ад улюбёнай працы». «Ад кожнага чыху ці кашлю ўздрыгваю нават уначы». Такімі трывогамі дзеляцца беларусы цяпер, падчас каронавіруснай пандэміі.

Трывожнасць і знерваванасць у надзвычайнай сітуацыі – нармальная абарончая рэакцыя арганізму, кажуць эксперты.

«Калі сітуацыя, напрыклад, як цяпер, яна доўжыцца ўжо нейкі час і будзе нейкі час працягвацца, яна не закрытая. Вядома, мы можам разглядаць яе як сітуацыю хранічнага стрэсу, дзе людзі маюць павышаную рызыку фармавання неўратычных станаў», – тлумачыць урач-псіхатэрапеўт медычнага цэнтру «Вылячэнне» Аксана Пальчык.

У моманты надзвычайных сітуацыяў у людзей адбываецца прыярытызацыя жыццёвых каштоўнасцяў. Найчасцей людзі звяртаюць увагу на сябе. Мы запыталіся ў мінакоў, што турбуе іх цяпер.

«Страхаў ніякіх няма. Але баімся за сваіх родных і блізкіх, за тых людзей, што ўжо ва ўзросце».

«Асаблівых страхаў не зʼявілася. Крыху трывожуся за іншых, за сваё здароўе ў некаторай ступені».

«Пэўна, самы вялікі страх у мяне за бацькоў, бо яны ўжо адносна немаладыя і ім цяжэй пераносіць усе наступствы вірусаў. За сябе я таксама баюся, але намагаюся прымаць усе захады прафілактыкі».

Найбольш уразлівыя і схільныя да трывожнасці тыя, каму ў цэлым уласцівы стан неспакою або надумлівасці, кажа наш суразмоўца.

«У групе рызыкі, безумоўна, тыя, хто ўжо меў праблемы, і яны цяпер яшчэ больш абвастраюцца на гэтым фоне. А таксама тыя, хто пазбягаў стасункаў з самім сабой ці з праблемамі ў адносінах. Бо цяпер праблемы – унутраныя праблемы і праблемы ў адносінах – выйдуць на першы план», – зазначае расейскі псіхолаг, доктар медычных навук Дзмітрый Каўпак.

Адмыслоўцы раяць не запускаць стану трывожнасці. Нават калі раней вы не былі схільныя да нервознасці. Бо працяглы неспакой можа мець сурʼёзныя наступствы і перарасці ў дэпрэсію.

«Неабходна навучыцца эфекту прысутнасці, гэта значыць жыць тут і цяпер. Не думаць пра тое, што будзе, бо мы не можам гэтага прадказаць, і не перажываць аб тым, што ўжо прайшло, напрыклад, штосьці не зрабілі, і гэта будзе мець наступствы», – рэкамендуе псіхатэрапеўт медычнага цэнтру «Вылячэнне» Аксана Пальчык.

Для змяншэння ўзроўню трывогі можна скарыстацца методыкамі медытацыі, аўтатрэнінгаў і рэлаксацыі. Зменшыць трывожнасць у дачыненні пандэміі дапаможа строгае прытрымліванне рэкамендацыяў Сусветнай арганізацыі здароўя, кажуць медыкі. А калі адчуваеце, што не здольныя справіцца самі, звярніцеся да спецыяліста.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»