Элітнае жытло ў павуцінні шчылінаў


Вось гэты элітны жылы шматпавярховік увялі ў эксплуатацыю ў 2007 годзе. Але ўжо цяпер, кажуць жыхары другога корпусу, у кватэрах сыплецца тынкоўка, а па мурах пайшлі вялізныя шчыліны. Праблемы бачныя ўжо з уваходных дзвярэй дому. Шчыліны па мурах разыходзяцца павуціннем.

«Тут шчыліны на кожным паверсе. Вы самі бачыце. Можаце зняць», – кажа жанчына, што заходзіць у ліфт.

Жыхары ратуюцца ад скразнякоў, забіваючы дзіркі ў сценах ватай ды паралонам. Узімку, калі нізкія тэмпературы, у кватэрах слупок тэрмометра можа апускацца да 14 градусаў, кажа адна з жыхарак. Жыхарка Алена Антон скардзіцца:

«У нас ёсць шчыліны не толькі ў гэтым пакоі, ёсць шчыліны на кухні. З гэтых шчылінаў моцна дзьме. Узімку невыносна тут жыць, бо халодна. Неаднаразова мы звярталіся ў нашае таварыства ўласнікаў, каб яны нам дапамаглі, але нам даюць толькі адпіскі, дапамагчы ніхто не хоча».

Дом пайшоў шчылінамі пасля будаўніцтва тут метрапалітэну, цвердзяць жыхары. З тае пары рамонты ў кватэрах не сканчаюцца. Наракаюць не толькі на шчыліны. У доме, кажуць, парушаная сістэма вентыляцыі, і скразняк дзьме нават з разетак.

«Я сухой тынкоўкай, польскай, абабіў у шаснаццатым, абабіў усе сцены. Па-новаму клеіў усё», – распавядае яшчэ адзін гаспадар кватэры.

Мы накіраваліся ў таварыства ўласнікаў «Сілач», якое абслугоўвае дом. І на месцы пабачылі, што праблемы не развязваюцца і на касметычным узроўні. Вось тут таварыства ўласнікаў «Сілач». І вось ад гэтага кабінету шчыліна папаўзла літаральна праз увесь пад’езд. У таварыстве нам патлумачылі, што праблемы дому звязаныя з няякасным будаўніцтвам. Здавала будынак вытворчае аб’яднанне «Менскбуд».

«На сённяшні дзень у апорных канструкцыях шчылінаў няма, таксама шчылінаў, якія небяспечна ўплываюць на эксплуатацыю будынку, – няма. На жаль, гэта такое будаўніцтва будынку, што ўласнікам даводзіцца праводзіць цяперашнія рамонты як ва ўласных кватэрах, гэтак і ў месцах агульнага карыстання», – кажа старшыня праўлення ТУ «Сілач» Надзея Хмыз.

Гарантыйныя абавязкі «Менскубуду» на дом склалі ўсяго 2 гады, кажа Надзея Хмыз, а таму судзіцца за шчыліны ў тынкоўцы з імі – не мае сэнсу. Але што рабіць жыхарам? Грамадскі актывіст Віктар Барташэвіч, які мае досвед у развязанні жыллёвых праблемаў з уладамі, раіць:

«Найперш трэба стварыць міжведамасную камісію, я маю на ўвазе, што трэба дамагчыся, каб стварылі такую камісію. Гэтая камісія павінная ўключаць Менгарвыканкам, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, а таксама Галоўбудэкспертызу, то бок тую, што праводзіла экспертызу, калі прымаўся дом».

Без суда не абысціся, кажа актывіст. Бо праз суд можна запатрабаваць усе неабходныя паперы, у тым ліку высветліць, чаму гарантыя на дом склала толькі 2 гады.

Таццяна Уласенка, «Белсат»