Электрычнасць з Астраўца купіць Украіна


Украіна плануе купляць энергію з Беларускай атамнай электрастанцыі. Такая заява прагучала на сустрэчы беларуска-ўкраінскай групы для супрацы ў энергетычнай сферы. Ці дапаможа Кіеў пазбыцца лішкаў электраэнергіі, якія з‘явяцца пасля запуску БелАЭС?

Не ўдаецца прадаць на захад – будзем прадаваць на поўдзень. Украіна зацікавілася электраэнергіяй з Астравецкай АЭС. Пра гэта на сустрэчы ў Кіеве заявіў украінскі міністр энергетыкі.

«У лютым мае запрацаваць Беларуская АЭС, можа быць лішак электраэнергіі. Вядома, варта ўлічваць і пэўныя аб‘ёмы міждзяржаўнага перасячэння ў энергетыцы», – зазначыў Аляксей Оржэль.

Глядзіце ў поўным выданні «Аб’ектыву»:

Міждзяржаўнае перасячэнне – гэта электралініі, што спалучаюць дзве краіны. Каб экспартаваць энергію на поўдзень, наяўных ЛЭП – больш чым дастаткова, кажа эксперт Украінскага інстытуту будучыні Андрыян Пракіп:

«Наяўнае перасячэнне дазваляе імпартаваць каля 7 мільярдаў кілават-гадзінаў. А два мільярды – гэта ўсяго каля двух адсоткаў гадавога спажывання Украіны».

Два мільярды сто мільёнаў кілават-гадзінаў – гэта аб‘ём энергіі, які налета запланавала купіць у нас Украіна. І гэта ў дзевяць разоў менш за аб‘ём, які будзе выпрацоўваць БелАЭС. Электрычнасць з Астраўца таксама пусцяць на пакрыццё ўнутранага дэфіцыту, аднак незасвоенымі застануцца каля 13 мільярдаў кілават-гадзінаў. Ці можна ва Украіну прадаваць больш?

«Я не думаю, што Украіна адна зможа паглынуць увесь гэты вялікі аб’ём, тым больш што ў яе ёсць свае магутнасці. […] Не варта забывацца, што ёсць яшчэ Латвія, якая таксама не будзе грэбаваць такімі закупамі. Яна ўжо абазначыла сваю пазіцыю», – мяркуе эканамічны аглядальнік парталу TUT.BY Аляксандр Заяц.

Аднак супраць таго, каб электрычнасць з Астраўца трапіла на рынак Еўразвязу, выступаюць Літва ды Польшча. Пры Пятру Парашэнку, які даражыў стасункамі з Вільняй, Украіна наўрад ці пагадзілася б купляць энергію ў Беларусі. Уладзімір Зяленскі можа мець іншыя прыярытэты – мяркуе Андрыян Пракіп.

«Украіна зможа імпартаваць электраэнергію з Беларусі і частку яе экспартаваць у Еўропу. І гэта самая вялікая засцярога. Еўропа ставіцца да Беларускай АЭС вельмі асцярожна – я думаю, з палітычных прычынаў, а не толькі праз экалагічны фактар», – кажа эксперт Украінскага інстытуту будучыні.

Электрычнасць з Беларусі ўжо купляе група «Нафтогаз». Кіеў адкрыў рынак электраэнергіі для канкурэнцыі – у тым ліку і для замежнікаў. Праўда, у 2022 годзе пастаўкі з Беларусі могуць спыніцца. Украіна інтэгруецца ў энергарынак Еўразвязу, таму павінна адключыцца ад энергасістэмаў Расеі ды Беларусі.

Аляксандр Папко belsat.eu