Электракарызацыі ўсёй краіны быць?


«Джылі» прывезла ў Беларусь кітайскі электракар. Пакуль кампанія будзе тэставаць рынак у Беларусі, а ўжо потым паразважае, ці варта запускаць беларускае вырабніцтва электрычных машынаў. Тым часам кіраўніку краіны рыхтуюць указ аб дадатковых прывілеях для непаліўных аўтаў.

«Кіраваць электрамабілем – адно задавальненне, едзе ён у цішыні».

Ужо больш за год мянчук Максім Драбік ездзіць электрамабілем і ані разу пра гэта не пашкадаваў:

«Свечкі не сапсуюцца, глушыцель ніколі не прагарыць, алею мяняць не трэба. Кіруемасць вельмі прыемная. Выхлапных газаў, вядома ж, няма».

Спадар Максім паклапаціўся не толькі пра тое, каб набыць электрамабіль, але і каб усталяваць зарадную станцыю ў сваім двары. Устаноўка каштавала больш як адзінаццаць тысячаў рублёў і паўтара года папяровага ліставання з рознымі ведамствамі.

«Гэты аўтамабіль зараджаецца за тры з паловаю гадзіны да поўнага зараду».

Улетку такога ладавання хапае на 200 кіламетраў у горадзе, узімку – на 100. Пры штодзённым карыстанні на зарадку электрычнага «Фіята» мянчук траціць за месяц прыблізна 100 рублёў.

«На адну зарадную станцыю ў нашай краіне прыходзіцца паўтара электрамабіля. Гэта вельмі добры паказнік. Адсюль выцякае, чаму так мала электрамабіляў?», – зазначае Максім Драбік.

З такім пытаннем звяртаемся да іншых жыхароў сталіцы. І вось што нам адказалі:

«Лепей узяць звычайную машыну, бо ў нас з электракарамі нічога не развіта ў краіне, на вялікі жаль».

«Проста народ яшчэ не прызвычаіўся да электрычнасці, да такіх машынаў».

«Напэўна, трэба яшчэ бензін падняць на пару долараў і ўсіх перавесці на электрычнасць».

«Рэклама. У Еўропе я бачыла шмат электрычных машынаў розных марак».

Сёння кампанія «Джылі» прадэманстравала кітайскі электракар «Geely Geometry A». У Кітаі такое аўта каштуе 22 300 долараў. Каб увезці яго ў Беларусь…

«Нам давялося заплаціць мыта, нам давялося заплаціць ПДВ, нам прыйшлося заплаціць утылізацыйны збор, нам прыйшлося даплаціць за індывідуальную сертыфікацыю ўвезеных аўтамабіляў», – распавёў дырэктар «БелДжы» Генадзь Свідэрскі.

Беларускі ж урад рыхтуе ўказ для кіраўніка краіны ў справе адмены шэрагу гэтых абмежаванняў.

«…У частцы зніжэння падаткаў (ПДВ, інвестыцыйныя вылічэнні ды іншае) і ўвядзення ўскосных стымулаў, напрыклад, вызваленне ад падатку на ўдзел у дарожным руху, бясплатныя паркавальныя месцы, выкарыстанне вылучанай для гарадскога транспарту паласы на дарозе ды іншыя ініцыятывы», – заявіў напярэдадні віцэ-прэмʼер Дзмітрый Крутой.

На думку аналітыка і эканаміста Леаніда Заікі, электракары – гэта будучыня, і Беларусь мусіць да яе дастасоўвацца:

«Саудаўцы знізілі цэны на нафту, знізілася цана на бензін, таму яшчэ трохі могуць пратрымацца буйныя аўтамабільныя кампаніі, яны таксама будуць біцца ў скурчах».

Аднак пакуль што чакаць уласна беларускіх электракараў не выпадае. Прывезеныя кампаніяй 4 кітайскія электракары – тэставыя. У Беларусі «Джылі» адважыцца на прадукцыю электрамашынаў тады, калі попыт на айчынным рынку будзе сягаць прынамсі пяці тысячаў такіх аўтаў за год. Для параўнання, гэта прыблізна 8 адсоткаў ад агульнай колькасці прададзеных новых машынаў летась.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»