Аб'ектыў 22.08.2019 Электраэнергія з БелАЭС можа пайсці ў Латвію праз Расею


Пакуль Латвія распрацоўвае план, як наладзіць экспарт электраэнергіі з Астраўца ў Балтыйскі рэгіён, Літва прапрацоўвае захады перасцярогі: закупляе ёд і рыхтуецца да вучэнняў, што імітуюць аварыю на БелАЭС.

Беларуская электраэнергія можа пайсці ў Латвію праз Расею. Інфармацыю пра тое, што Рыга спрабуе такім чынам забяспечыць стабільнасць рынку электраэнергіі ў рэгіёне, пацвердзіла парталу Tut.by Міністэрства замежных справаў Латвіі:

«Гэты план прынялі пасля кансультацыяў паміж адказнымі міністэрствамі ўва ўсіх трох краінах Балтыі ды ўзгаднілі з Еўрапейскаю камісіяй. Ён будзе ўжывацца ў выпадку, калі Літва закрые мяжу з Беларуссю для гандлю электраэнергіяй з трэцімі краінамі для ўсяго Балтыйскага рэгіёну».

Пра тое, што ўрад Латвіі плануе купляць энергію з БелАЭС, паўмесяца таму паведаміў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Тады латвійскі ўрад заявіў пра непаразуменне, але Міністэрства эканомікі пачало распрацоўваць метадалогію гандлю электраэнергіяй праз расейскую мяжу.

БелАЭС спачатку будавалася з планамі пра экспарт энергіі, нагадвае прафесар фізікі Георгій Лепін:

«Як толькі Літва ўвайшла ў Еўразвяз, адразу перакрылі Ігналінскую станцыю, адключылі, гэтым і выкліканая тэрміновая будова новай станцыі, якая мела скампенсаваць страту Ігналінскай станцыі».

Для Беларусі гандаль электрычнасцю праз Латвію мог бы стаць выратавальным колам. Літоўскія ж адмыслоўцы адзначаюць, што Вільня апынулася ў складанай пазіцыі.

«Імпартаваць энергію з Латвіі або Эстоніі мы збіраемся, але як аддзяліць тую частку энергіі, якую Латвія будзе імпартаваць са станцыі ў Астраўцы ад іншай, – гэта складана», – кажа старэйшы аналітык Віленскага інстытуту палітычнага аналізу Марус Лаўрынавічус.

Для Літвы адмова ад беларускай электраэнергіі – пытанне прынцыповае, краіна лічыць Астравецкую АЭС пабудаванай з парушэннямі ды патэнцыйна небяспечнай для навакольнага асяродку, насельніцтва і нацыянальнай бяспекі Літвы. Для абмежавання імпарту энергіі з Беларусі і Расеі літоўскі парламент прыняў адмысловы закон. Пасля гэтага Лукашэнка загадаў «зрабіць упор на Латвію».

Латвія прапанавала Беларусі сваю інфраструктуру і парты для транзіту ды экспарту беларускіх тавараў – цяпер праз латвійскія парты ідуць пераважна нафтапрадукты, а калійныя ўгнаенні экспартуюцца праз Літву. Але абедзве гэтыя краіны падпарадкоўваюцца Еўразвязу і будуць выконваць яго распараджэнні, падкрэслівае Георгій Лепін:

«Еўразвяз можа ў любы момант забараніць прымаць энергію ад гэтай станцыі. То бок у Еўразвязе разумеюць, што без збыту энергіі гэтая станцыя існаваць не можа».

Сёння скончылася місія МАГАТЭ для аналізу эксплуатацыйнай бяспекі БелАЭС. Справаздачу эксперты абяцаюць падаць цягам трох месяцаў, але ўжо ў кастрычніку на БелАЭС маюць прывезці першае ядравае паліва.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары