Эксперты патлумачылі, чаму беларускія заводы не прыносяць прыбытку


Ад дна не могуць адбіцца машынабудаўнічыя прадпрыемствы, мяса- і малочныя камбінаты, вытворцы цэменту, шкла і падшыпнікаў. І хаця стратных заводаў стала менш, сума іхных даўгоў вырасла. Эканамісты тлумачаць прычыны гэтага парадоксу.

Беларускі металургічны завод – сталеплавільны гігант з такімі замежнымі партнёрамі, як «Michelin» і «Continental», уваходзіць у сотню буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў свету. Пры ўсім гэтым жодзінскае прадпрыемства з перадавымі тэхналогіямі, якое ахвотна наведвае Аляксандр Лукашэнка, гадамі працавала з мільённымі стратамі і толькі летась выйшла на мінімальны плюс.

«Грошы ўзялі на рэканструкцыю, рыхтуюць новую прадукцыю, прадаюць яе за мяжу за танна, ну а мы мусім на гэта глядзець і радавацца», – кажа Леанід Заіка з аналітычнага цэнтру «Стратэгія».

У цэлым жа металургічная галіна застаецца ў топе стратных – поруч з горназдабыўчаю і машынабудаўніцтвам. Апошнія статыстычныя звесткі аб фінансавай сітуацыі айчыннай прамысловасці супярэчлівыя. З аднаго боку, колькасць стратных прадпрыемстваў у сектары знізілася з 453 у першым паўгоддзі летась да 406 за той жа сёлетні перыяд. З другога, агульная сума чыстых стратаў усіх прамысловых прадпрыемстваў вырасла больш чым на траціну і дасягнула амаль дзевяцісот мільёнаў рублёў. Расце і крэдытная запазычанасць заводаў – з пачатку года амаль удвая, да Br 1471 млн.

«Слабое кіраванне, дастаткова некваліфікаваныя адносіны да продажаў, да таго, што называецца арганізацыяй і маркетынгам», – кажа Леанід Заіка.

І калі БМЗ з дапамогаю дзяржаўных пазыкаў і дэмпінгу пакуль выйшаў з антырэйтынгу, то флагман аўтамабілебудаўніцтва – МАЗ – замацаваўся ў ім трывала.

І ў другім квартале 2016-га года выйшаў на першае месца з мінусам амаль 600 мільёнаў рублёў. У апошнім спісе стратнікаў ад Міністэрства фінансаў, за МАЗам ідзе вытворца азотных угнаенняў «ГорадняАзот», тры цэментавыя прадпрыемствы, славутая кампанія «Амкадор». Былы дырэктар апошняга глядзіць на праблему сістэмна.

«Адбылася кансервацыя старой савецкай эканомікі, сістэмы ўпраўлення прадпрыемствамі. Калі да прыкладу ў машынабудаўніцтве завод усё робіць сам: ад балта да нейкіх буйных вузлоў, сур’ёзных дэталей», – кажа Васіль Шлындзікаў, былы дырэктар заводу «Амкадор».

Патрэбная рэструктурызацыя, якая, паводле Васіля Шлындзікава, магчымая толькі праз прыватызацыю, найлепш з замежным капіталам.

«Але хто ж пойдзе ў нашую сістэму эканамічную, дзе інвестар можа як Мураўёў папасці ў турму», – пытаецца Шлындзікаў.

Доля нерэнтабельных прадпрыемстваў у агульнай колькасці арганізацыяў складае прыблізна адну пятую. Якая ў іх будучыня? Колькасць справаў аб банкруцтве на разглядзе эканамічных судоў летась павялічылася амаль на 20 адсоткаў. Але дзяржаўныя датацыі, што трымаюць стратнікаў на плыву, не спыняюцца. Той жа МАЗ, заявілі ва ўрадзе, патрабуе яшчэ $ 500 млн бюджэтных уліванняў.

Таццяна Рэут