Эксперты: свет у адным кроку ад вайны


Канфрантацыя Захаду і Расеі нарастае.

Эксперты робяць несуцяшальныя прагнозы, прыгадваючы, што такіх рознагалоссяў паміж гэтымі бакамі не было з часоў «халоднае вайны». Хто і за што спрачаецца ў сучасным свеце? Ды ці ёсць падставы для нармалізацыі? Глядзіце ў аглядзе Сцяпана Святлова.

«Мы ператвараем пустэльні ў квітучы рай, а яны ператвараюць гарады і вёскі ў пустэльні». Гэты плакат часоў «халоднай вайны» як нельга лепш адлюстроўвае актуальную сітуацыю ў сённяшнім свеце. Супрацьстаянне Расеі ды яе хаўруснікаў з краінамі Захаду нарастае ўпотай, але ўпэўнена і хутка. У кожнага – свае, як ім здаецца, самыя правільныя інтарэсы.

Гэтак у сірыйскім Ідлібе, адной з самых гарачых кропак на сённяшняй мапе свету, сустрэлі вынікі ўчорашняга саміту ў Тэгеране, дзе кіраўніцтва Расеі, Турцыі ды Ірану так і не дамовіліся наконт заключэння міру ў Сірыі. Афіцыйна антыамерыканскі альянс змагаецца з сепаратызмам ды тэрарызмам на сірыйскай зямлі.

Хасан Рухані, прэзідэнт Ірану: «Незаконная прысутнасць амерыканскіх войскаў і ўмяшанне ЗША ў справы Сірыі спрыяе далейшай нестабільнасці ў гэтай краіне ды мусіць хутка скончыцца».

Пры гэтым перабыванне ўласных войскаў у Сірыі лідары краінаў-саюзніц Масквы лічаць законным. Тым часам ЗША ды іншыя краіны Захаду, нягледзячы на ўнутраныя рознагалоссі, аб’ядноўваюцца ў адным – крытыцы Расеі. Прычым не толькі за Сірыю і ўмяшанне ў амерыканскія выбары, але і за атручванне на тэрыторыі Вялікай Брытаніі хімічным рэчывам «Навічок» былога працаўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля.

«Замест таго, каб прызнаць сваю віну, урад Расеі толькі адмаўляе, зняпраўджвае ды абвінавачвае ў адказ, каб адцягнуць увагу. Гэтаксама, як ужо было з Крымам, збітым самалётам на Данбасе ды забойствам Літвіненкі. Гэты спіс можна працягваць і далей, песня Расеі заўжды аднолькавая», – кажа пастаянны прадстаўнік ЗША ў АНН Німрата Рандгава Гэйлі.

Тым часам расейскія банкіры ўжо рыхтуюцца да пашыраных санкцыяў ЗША, якія неўзабаве мае зацвердзіць амерыканскі Кангрэс. Масква адказвае вайсковым тонам: сёння ў Мінабароны заявілі, што яны нібыта ведаюць пра планы тэрарыстаў правесці хімічную атаку ў Сірыі. А значыць, што напружанасць паміж звышдзяржавамі там будзе толькі нарастаць.

Адметна, што небяспечнасць цяперашняй сітуацыі ў свеце адзначаюць па абодва бакі барыкадаў. Неабходнасць змагацца з глабальнымі выклікамі свету, пацвярджае Генеральны сакратар ААН.

«Мы мусім прымаць комплексныя рашэнні, кансультавацца і каб кожны мог узяць удзел у абмеркаваннях. Гэта адзіны спосаб развязаць праблемы свету так, каб кожны меў карысць», – заяўляе генеральны сакратар Антоньо Гутэрыш.

Тым часам краіны НАТО пачалі рыхтавацца да адных з найбуйнейшых пасля распаду СССР вучэнняў. У сваю чаргу Расея разам з Манголіяй і Кітаем ужо праз тры дні распачне вялікія вучэнні «Усход-2018».

Сцяпан Святлоў