Эксперты: на пенсію будзем выходзіць у 65


Беларусь сустракае другі год пенсійнай рэформы, якая працягнецца да 2022-га года. Сёлета на пенсію жанчыны пойдуць у 56, а мужчыны ў 61 год.

Пасля 2022-га беларускі будуць выходзіць на пенсію ў 58, а беларусы ў 63. На фоне суседзяў сярэдні паказнік. З усіх краінаў рэгіёну толькі Расея ўтрымлівае мінімальны пенсійны ўзрост, але і там ідуць дыскусіі пра тое, што падвышэнне – гэта толькі пытанне часу.

«Мяне гэта закране непасрэдным чынам, я ўжо падыходжу да пенсійнага ўзросту. Але не адчуваю сябе з-за гэтага горш, той хто працуе, той малады, не трэба ўспрымаць гэта крытычна», – пераконвае эканаміст Міхаіл Грачоў.

Навошта ўвогуле падвышаць?

Падвышэнне пенсійнага ўзросту дазваляе трымаць дэфіцыт пенсійнага фонду ў межах 0,5 % ад ВУП. Але да 2035-га года дэфіцыт пенсійнага фонду можа перавысіць 2 % ВУП, то бок урад будзе вымушаны і надалей падвышаць пенсійны ўзрост, вынікае з працаў Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтру.

Паводле экспертаў, рана ці позна ўладам давядзецца падвышаць пенсійны ўзрост беларусаў і беларусак да 65 гадоў. Пры захаванні цяперашняй працягласці жыцця можа атрымацца, што ў сярэднім беларус будзе жыць на пенсіі ўсяго 1 год.

Апроч эканамічнага фактара, ёсць і сацыяльны фактар

«Чалавек, які пазней выходзіць на пенсію, фактар запатрабаванасці грамадствам дадае сілаў, а калі чалавека адпраўляюць на пенсію, часцяком гэта хваравіта ўспрымаецца», – тлумачыць спадар Грачоў.

Праблемы пенсійнага фонду наўпрост звязаныя з дэмаграфічнаю сітуацыяй. Нават кіраўнік краіны некалі казаў: нам трэба не менш за 15 млн насельніцтва. Апроч таго, паводле розных падлікаў, да 1 млн беларусаў працуюць за мяжою і не сплачваюць падаткаў у пенсійны фонд. Зрэшты, ёсць і тыя, хто быў бы і не супраць працаваць і сплочваць усе адлічэнні, але нават на ўзроўні Адміністрацыі прэзідэнта прызнаюць: ёсць такія рэгіёны, дзе працы папросту няма.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Ilya Naymushin / Reuters / Forum