Аб'ектыў 17.04.2019 Эксперты: каб змагацца з расейскай прапагандай, трэба даць свабоду незалежным СМІ


Інфармацыйнай бяспецы ўлады надаюць надзвычайную ўвагу. За беларускаю медыяпрасторай цяпер сочыць адмысловая вертыкаль, а месяц таму Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі краіны. Каго і ад чаго будзе абараняць новая вертыкаль? І як зрабіць Беларусь больш устойлівай да фэйкаў і прапаганды? Пра гэта расказалі медыяэксперты, якія сабраліся ў Менску 17 красавіка ў гатэлі «Crown Plaza».

«Любыя гарачыя сутыкненні пачынаюцца з інфармацыйных войнаў. І мы павінныя ўмець супрацьстаяць гэтым войнам», – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў сакавіку.

Інфармацыйную абарону ўлады выбудоўваюць ужо 5 гадоў – з часу, калі расейскія тэлеканалы праклалі дарогу расейскім танкам на Крым і Данбас, адзначаюць медыяэксперты ў «Ліберальны клуб».

«Стала зразумела, што тая сістэма працы, тая ідэалогія, якая была пабудаваная, яна не адпавядае выклікам часу, яна моцна інфільтраваная заходнерусістамі. Пасля чаго пачаліся моцныя перамены – перш за ўсё, стварэнне медыйнай вертыкалі», – кажа Вадзім Мажэйка, Ліберальны клуб.

У папярэднім даследаванні «EAST Center» ключавую ролю ў гэтай вертыкалі эксперты адводзілі Адміністрацыі прэзідэнта, якая дае ідэалагічныя ўстаноўкі цэнтральным медыям. Міністэрства інфармацыі карае «непаслухмяныя» медыі. Рада бяспекі ацэньвае вонкавыя пагрозы, а кірункі дзяржаўнай палітыкі павінен падказваць Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў.

Прыкметай змены інфармацыйнай палітыкі эксперты ў «Ліберальным клубе» лічаць скарачэнне трансляцыі расейскіх палітычных ток-шоу. Вадзім Мажэйка:

«Тыя праграмы і тыя ток-шоу, якія дапускаюць некарэктныя заявы на адрас Беларусі, або знікаюць з эфіру, як гэта было з праграмай «Міжнародная піларама», каторая знікла з эфіру «НТВ-Беларусь». Ток-шоу на расейскім «Первом канале» пераносяць на вельмі-вельмі позні час».

Канчаткова новую палітыку аформіла прынятая ў сакавіку канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі.

«Найважнейшая мэтавая ўстаноўка запэўнівання інфармацыйнай бяспекі – інфармацыйны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь». Удзельнікі дыскусіі асцерагаюцца, што за гэтаю фармулёўкай хаваецца жаданне зачысціць інфармацыйнае поле як ад пракрамлёўскай прапаганды, гэтак і ад незалежных медыяў.

Апошні год адзначыўся крымінальнымі справамі супраць буйных інтэрнэт-выданняў, пераследам блогераў, працягам ціску на «Белсат». Тым часам самымі аглядальнымі ў Беларусі застаюцца каналы, на якіх дамінуюць перадачы, вырабленыя ў Расеі. У пяцёрцы самых папулярных навінавых сайтаў тры пазіцыі таксама займаюць расейскія.

ОНТ – 59,8%

«РТР-Беларусь» – 51,1 %

«Беларусь 1» – 50,7 %

«НТВ-Беларусь» – 48,9 %

«Беларусь 2» – 33 %.

Але сярод апытаных намі менчукоў расейскія медыі вялікаю папулярнасцю не карыстаюцца:

«Наконт падзеяў ва Украіне, яны хлусяць, скажам так».

«Гэта цынічная жахлівая прапаганда такога нацысцкага тыпу».

«LENTA.RU, RBC.RU – перыядычна толькі гэтыя рэсурсы».

«Я гляджу ютубаўскіх блогераў. Яны больш дэтальна разглядаюць сітуацыю».

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў не ўпэўнены, што ў барацьбе з прапагандаю Крамля ўладная вертыкаль будзе эфектыўная.

«Даць свабоду незалежным медыям, павялічыць (у тым ліку адміністрацыйнымі захадамі) прысутнасць беларускай мовы на тэлебачанні – гэта самыя галоўныя крокі, якія мусяць быць зробленыя».

Катэгарычна супраць адміністрацыйных захадаў ва ўкараненні беларускай мовы выказаўся днямі міністр культуры Юрый Бондар. Парады для ўзмацнення інфармацыйнай бяспекі незалежныя журналісты даюць уладам не ўпершыню, але водгуку на іх няма.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары