Эксперт распавёў, дзе будуць плаціць найгоршыя заробкі


Сярэдні заробак у Менску – каля Br 1000 за месяц

Гэта падлікі Нацыянальнага статыстычнага камітэту па выніках мінулага года.

Выйшаўшы з урадавай установы, дзе нам паведамілі гэтую лічбу, мы пастанавілі яе спраўдзіць у мінакоў па другі бок Партызанскага праспекту.

«Ну, скажу, што не будзе 10-ці мільёнаў па Менску».

«Сярэдні заробак, недзе, у раёне пяці мільёнаў па-старому».

«Ведаю, што людзі кажуць – хто 200 рублёў атрымлівае, хто 250 – самае максімум».

«А цэны – увогуле цэны. Ох, калі б вы ведалі як мы плануем гэтыя капейкі… Хахаха».

– падзяліліся ўласным досведам жыхары Менску.

Сярэдні афіцыйны заробак па краіне за мінулы год – Br 722 або $ 363

З улікам інфляцыі заробак зменшыўся на 4 % у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Улады гэта тлумачаць вонкавымі ўмовамі і недастатковаю прадуктыўнасцю працы самых беларусаў.

Насамрэч заява аб прывязванні да прадуктыўнасці працы не адпавядае рэчаіснасці нават паводле афіцыйнай статыстыкі. Як паведамляе Нацыянальны банк, пазалетась рэальныя заробкі адставалі ад прадуктыўнасці працы на 20 %. А летась упалі ажно ў чатыры разы больш за прадуктыўнасць. То бок усё большая частка грошай, рэальна заробленых беларусамі, перакіроўваецца з іхных гаманцоў некуды яшчэ.

І хто ж крадзе ў народа кроўныя зайчыкі?

«Наймальнікам з’яўляецца дзяржава. Калі яна ня можа кіраваць гэтымі прадпрыемствамі і няма ўмоў, каб зрабіць добры тавар ці паслугу і прадаць яе, то вінаватыя, безумоўна, дзяржава і яе кіраўнікі», – упэўнены прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч.

Сёлета ўлады абяцаюць, што рэальны заробак нарэшце вырасце

Што праўда, гэткія ж абяцанні гучалі і летась, і пазалетась. Незалежныя прафсаюзы лічаць іх мала рэалістычнымі і цяпер – з тых жа прычынаў.

« Думаю, што заробкі будуць падаць далей. Для гэтага ёсць усе падставы. Найбольш будуць на прамысловых прадпрыемствах, асабліва малых», – распавёў лідар прафсаюзу РЭП.

У сёлетняй пастанове № 18 урад збіраецца павялічваць заробкі дзяржаўных службоўцаў за кошт скарачэння іхнай колькасці. Астатнім – за кошт павышэння мінімальнага дазволенага заробку, а таксама гнуткай сістэмы аплаты, паводле прынцыпу больш ці лепш працуеш – больш і зарабляеш. Пра выхад на сярэдні ўзровень $ 500 за месяц, як гэта неаднаразова абяцаў летась Аляксандр Лукашэнка, у дакуменце не гаворыцца.

Станіслаў Івашкевіч, Менск