Гэткую празрыстасць – ды каб на прэзідэнцкія выбары! У часе нарады з Дзяржаўным сакратарыятам Савету бяспекі Аляксандр Лукашэнка зноў развейваў страхі наконт вайсковых вучэнняў з Расеяй «Захад-2017».
«І заклапочанасць НАТО, і нашыя суседзі, і ўва Украіне я нядаўна быў – усім усё патлумачылі. Вучэнні адкрытыя. Мы запрашаем ці ўжо запрасілі агромністую колькасць назіральнікаў. Прыязджайце, глядзіце: яны маюць абарончы характар – і мы разам з Расейскай Федэрацыяй традыцыйна правядзем гэтыя вучэнні», – супакойваў кіраўнік Беларусі.
У склад камісіі прапаноўваецца ўвесці як былых вайскоўцаў, гэтак і апазіцыйных палітыкаў і простых грамадзянаў. З гэткім заклікам да Міністэрства абароны звярнуўся лідар кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў.
«Сёння мы атрымалі гэткі адказ ад Міністэрства абароны, што яно не супраць гэткай камісіі. Таму да 10-га жніўня я прапаноўваю ўсім палітычным партыям, грамадскім арганізацыям вылучыць сваіх прадстаўнікоў у гэтую камісію. І 10-га жніўня ўжо мы падамо склад камісіі ў Міністэрства абароны і пачнем перамовы з імі, як бы яна магла працаваць», – паведаміў ён.
Каб суаднесці заяўленыя мэты вучэнняў з пабачаным на ўласныя вочы, патрэбная адпаведная кваліфікацыя. А вось заўважыць пагрозлівую заканамернасць манеўраў з удзелам расейскіх вайскоўцаў зусім не складана, заўважае палітолаг Арсен Сівіцкі. Можа, таму ўсе нашыя суседзі за выняткаў уласна Расеі на «Захад-2017» пазіраюць з трывогай?
«Гэтак было ў 2008-м годзе, калі пасля стратэгічных вучэнняў «Каўказ-2008», па-сутнасці, пачалася расейска-грузінская вайна. Тое ж самае мы назіралі ў 2014-м годзе, калі перад уварваннем у Крым і на ўсход Украіны Расея правяла гэткае буйное правяранне баяздольнасці», – упэўнены эксперт Арсен Сівіцкі.
І чым не нагода для гэтага сёлетнія вучэнні, асабліва калі раптоўна вымалюецца нейкая правакацыя з чарговай справай «Белага легіёну» альбо з яшчэ адным джыпам на мяжы з Украінаю? Паводле Сівіцкага, афіцыйны Менск пагрозу таго, што госці могуць і заседзецца, таксама разумее, а таму і запрашае ўсіх ахвотнікаў назіраць – у тым ліку з блоку НАТО.
«Ёсць магчымасць, канешне, папросту пратэставаць супраць гэтых вучэнняў. Але давайце будзем шчырыя: мы іх не адменім сёння! Таму, калі мы не можам гэта адмяніць, трэба за гэтым назіраць. І трэба гэта зрабіць максімальна публічна, каб пазбегнуць усялякіх інсінуацыяў на гэты конт», – заклікаў спадар Дзмітрыеў.
Маўляў, людзям у пагонах мае быць справа да ўсяго – нават да руху транспарту! Міністэрства абароны, міліцыя, дзе вы? У Віцебску ў трамваі сёння ездзілі сапраўдныя «зялёныя чалавечкі» без апазнавальных знакаў, затое з… аўтаматамі Калашнікава. Гэта – нармальна?
Валер Руселік, «Белсат», фота: Thomas Peter / Reuters / Forum