Аб'ектыў 25.10.2018 Эксперт: Масква намагаецца разарваць давер паміж Менскам і Кіевам


Гомель у чаканні сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Украіны. Менск, як саюзнік Масквы, уцягнуты ў неабвешчаную гібрыдную вайну супраць Кіеву. А таму на Форуме рэгіёнаў абедзвюх краінаў, які распачаўся сёння ў Гомлі, гэта так ці інакш адлюстроўваецца.

Песні, танцы, выстава прадукцыі, канцэрт сяброўства – Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомлі мала адрозніваецца ад іншых форумаў з суседнімі краінамі. Побач – мяжа і Чарнігаў, куды, напэўна, кожны гомелец хоць раз ды ездзіў. Жыхары Гомля распавядаюць:

«У іх шмат прадукцыі, цікавай нам, а яны б зацікавіліся нашай прадукцыяй».

«Лекі ў іх добрыя, таннейшыя ў параўнанні з беларускімі».

«Малочка», мяса. Вы ж бачыце, што з Расеяй адбываецца? Можа, там атрымаецца што-небудзь».

Па-чынавенску гэта «шматвектарнасць», а па-народнаму – і нашым, і вашым. Пакуль Расея гібрыдна ваюе з Украінай у Крыме і на Данбасе, Беларусь ужо 2 гады як пагадзілася перайсці да стратэгічных праектаў з украінцамі.

«Гэта транспартаванне беларускіх грузаў па Дняпры да партоў Чорнага мора і для ўкраінскага спажыўца; перапрацоўка нафты па давальніцкай схеме на НПЗ у Мазыры, а значыць, Украіна становіцца канкурэнтам Расеі ў пастаўках нафтапрадуктаў; развіццё сеткі супольных прадпрыемстваў для вываду прадукцыі беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў на еўрапейскі і іншыя рынкі; вытворчасць тэхнікі падвойнага прызначэння ды ваеннай тэхнікі», – тлумачыць Ігар Тышкевіч, эксперт Украінскага інстытуту будучыні.

А таксама авіябудаўніцтва і авіярамонт ды ўдзел «Беларусьнафты» ў здабычы газу ва Украіне, адкуль яго можна даставіць на беларускую тэрыторыю. Усё гэта або ўмацоўвае эканоміку і абараназдольнасць Украіны, або памяншае залежнасць Беларусі ад Расеі. Масква не можа забараніць Менску супрацоўнічаць з Кіевам, таму стварае дыпламатычныя скандалы, каб разарваць давер паміж партнёрамі, лічыць Ігар Тышкевіч, эксперт Украінскага інстытуту будучыні:

«Праз фэйкавую інфармацыю, праз інфарматыкі або праз наўпроставую правакацыю, як гэта было ў выпадку Грыба або Шаройкі, расейскі бок спрабуе вывесці адносіны Украіны і Беларусі ў стан дыпламатычнага канфлікту».

Паўло Шаройка – украінскі журналіст, асуджаны ў Беларусі на 8 гадоў паводле артыкулу «шпіянаж». Яго трымаюць у СІЗА КДБ. А Паўло Грыб быў выкрадзены ў Гомлі расейскімі спецслужбамі ды вывезены ў Расею, дзе яго судзяць, як «памагатага тэрарыстаў». Каб гэткія крымінальныя справы не паўтараліся, МЗС Украіны мякка намякае сваім грамадзянам: не трэба ездзіць у Беларусь, калі вас за актывізм або ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе пераследуюць расейскія спецслужбы. Гэта патэнцыйна небяспечна.

Паўло Клімкін, міністр замежных справаў Украіны:

«Мы разумеем, што на тэрыторыі Беларусі дзейничаюць расейскія ўладныя структуры. Расея прысутнічае там у сферы бяспекі. Але ў двухбаковых стасунках, палітычных і эканамічных, у нас няма вялікіх праблемаў».

Афіцыйны Менск ужо раскрытыкаваў заяву аб патэнцыйнай небяспецы Беларусі для ўкраінцаў. І тут жа сілавікі перакрэслілі дыпламатыю: сёння ў Менску а 5-й раніцы міліцыя выцягнула з гатэльнага нумару на допыт украінскага журналіста і выдаўца Міколу Балабана. Балабан прыехаў у Менск на Форум медыяменеджменту ды IТ і, відавочна, апынуўся ў чорным спісе, пададзеным расейскім МУС. Такія затрыманні ўкраінцаў ужо паўтараліся не аднойчы, часам заканчваліся дэпартацыяй. Ігар Тышкевіч, эксперт Украінскага інстытуту будучыні, каментуе:

«Расея выкарыстоўвае тое, што беларускія сілавыя структуры працуюць паводле пратаколу дзеяння. Гэта значыць, калі ёсць чалавек у базе патэнцыйна небяспечных, то яго затрымліваюць і разбіраюцца».

Як лічыць эксперт, галоўная мэта такіх расейскіх аперацыяў – рукамі беларусаў стварыць ва Украіне вобраз Беларусі як бясспрэчнага хаўрусніка Расеі. Гэта ў выніку мае нашкодзіць эканамічнай супрацы.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: REUTERS / Gleb Garanich / FORUM

Глядзі таксама
Каментары