Экскурсія па вуліцы Кастрычніцкай у Менску з’явілася ў межах фестывалю «Vulica Brazil»


Ад прамысловай ускраіны да артыстычнага і тусовачнага раёну Менску. Як мянялася вуліца Кастрычніцкая, распавядае экскурсія, якую распрацавалі гід Аксана Манкевіч і арганізатарка фестывалю «Vulica Brazil» Міла Котка.

Менавіта фэст, які сёлета адбываецца пяты раз, зрабіў вуліцу турыстычнай, расквеціўшы будынкі яркімі мураламі. Праца бразільскага мастака Рамона Марцінса, напрыклад, цэлы год заставалася найбуйнейшай у свеце. Для муралу даўжынёю 200 метраў спатрэбілася 2300 слоікаў фарбы і шчырае падтрыманне жыхароў гораду.

«Там нашыя жывёліны, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. Ён іх вывучаў, хадзіў у заапарк. Да яго падыходзілі людзі і казалі: хто гэта? Мы іх ніколі не бачылі! А ён казаў: цудоўна, цяпер бачыце, цяпер яны жывуць тут, побач з вамі, у Менску», – распавядае экскурсавод Аксана Манкевіч.

Гэтыя каты-блізняты таксама аўтарства Рамона Марцінса маюць сумную гісторыю. Калі мастак прыехаў у Менск на фестываль, ён даведаўся, што адзін з ягоных любімых катоў памёр ад голаду, зачынены ў хаце.

«Гэта была трагедыя вельмі вялікая, бо Рамон Марцінс не захацеў нічога маляваць, у яго быў творчы ступар, таму што гэтыя жывёліны для яго бліжэйшыя, чым некаторыя кроўныя родзічы. Але потым ён сабраўся з сіламі і стварыў гэтую працу», – кажа Аксана Манкевіч.

Самыя зорныя мастакі «Вуліцы Бразіл» – дуэт «OSGEMEOS», браты-блізняты Густаву і Атавію Пандолфу. Іхная візітоўка – гіганцкія жоўтыя чалавечкі, якіх яны ўжо 18 гадоў малююць ва ўсіх гарадах, дзе бываюць. У 2015 годзе братоў упершыню ўдалося прывезці ў Менск, яны ўпрыгожылі сцяну бразільскай амбасады на вуліцы Энгельса. І з таго часу прыязджаюць на «Вуліцу Бразіл» штогод.

«Хоць прадакшн у іх суперскладаны, ну, як для супер-зорак. Нават па фарбу, якая ім патрэбная, у Іспанію ездзілі. Але яны прафесіяналы і вельмі адкрытыя людзі, якія адразу бачаць, гэта сапраўдная падзея ці фэйк. І вось наш івэнт яны паставілі ў ранг сапраўдных», – тлумачыць Міла Котка, арганізатарка фестывалю «VULICA BRAZIL».

Сёлета браты вярнуліся, каб стварыць новага гіганта ў дворыку габу ОК16. Прычым зрабілі гэта супольна са сваім сябрам і настаўнікам мастаком Speto, з якім не малявалі разам больш як 15 гадоў.

«Я сёлета неафіцыйны госць фестывалю. Я проста быў у Лондане на выходных, сустрэў там дуэт «OSGEMEOS», і яны захапілі мяне з сабой у Менск, па якім я вельмі засумаваў. Я вельмі люблю гэты фестываль, ён так далёка ад Бразіліі, але неверагодна душэўны», – дзеліцца ўражаннямі мастак Speto, Бразілія.

Наступная экскурсія адбудзецца на ангельскай мове – ужо ў гэтую суботу, у апошні дзень фестывалю. «Вуліца Бразіл» завершыцца 10 жніўня шумным святам на вуліцы Кастрычніцкай, якая на час імпрэзы стане пешаходнай.

Аляксандра Дорская, belsat.eu