Эколаг распавёў, што трэба, каб гараджане адмовіліся ад аўтаў


Сёння – Сусветны дзень без аўтамабілю. Да акцыі ў межах Еўрапейскага тыдня мабільнасці далучылася больш за 2700 гарадоў, у тым ліку 60 беларускіх. Агулам жа ў Еўропе зладзілі каля 700 імпрэзаў на тэму гарадской экалогіі.

22 верасня ў дарожным руху аўты адыходзяць на другі план. Прыярытэт – у раварыстаў і пешаходаў.

Мэта Дня без аўтамабіля – не толькі ў тым, каб адмовіцца ад аўта. Гэта цэлая экалагічная кампанія, што інфармуе насельніцтва пра негатыўныя наступствы ўжывання аўтамабіля, і – з дапамогаю розных акцыяў ды імпрэзаў – прапаноўвае людзям прыгледзецца да альтэрнатыўных сродкаў транспарту, якія не шкодзяць экалогіі. Што праўда, гэта не заўжды магчыма.

«Цэлыя мікрараёны вялікія будуюцца і будуць будавацца на ўскраінах, там няма адпаведнай інфраструктуры, каб проста не карыстацца [аўтам] і ў іншых месцах, напэўна, мы не хутка да гэтага дойдзем», – кажа эколаг з Горадні Дзмітрый Віньчэўскі.

Але ісці трэба, перакананая гарадзенка Ганна Палякова. Яна, хоць і мае ўласнае аўта, карыстаецца ім толькі ў выключных выпадках.

«Калі трэба вялікую адлегласць пераадолець, грузы перавезці. Для ўсяго астатняга ёсць ровар – гэта нашмат зручней і хутчэй», – кажа Ганна.

І танней – нават за грамадскі транспарт. Што праўда, сёння беларускія кіроўцы маглі карыстацца ім бясплатна, замест квітка паказваючы «правы» і тэхпашпарт на аўта.

А вось у суседняй Варшаве для бясплатнага праезду ніякіх дакументаў не трэба. Прычым забыцца пра тое, які сёння дзень, ды выпадкова скасаваць квіток немагчыма – кампосцеры ў наземным транспарце выключаныя, а брамкі ў метро адкрытыя.

Што праўда, утойваць няма чаго – машынаў на вуліцах менш не стала.

«Людзі не могуць адмовіцца ад камфорту», – тлумачыць жыхарка Варшавы.

Сцяпан Святлоў; фота – Mauricio Duenas Castaneda / EFE / Forum