Эканоміка Украіны расце шэсць кварталаў запар


Стаў вядомы сакрэт краіны, на ўсходзе якой ідзе вайна.

Украінскія ўлады запрашаюць не толькі турыстаў, але і замежных інвестараў. Менавіта з імі Кіеў звязвае развіццё краіны ў наступныя гады.

«Хачу заклікаць усіх інвеставаць. Таму што наўрад ці мы можам знайсці на мапе сучаснай Еўропы, а нават свету, якая забяспечыць такі эканамічны рост, як у гэтым і наступным годзе будзе паказваць Украіна», – заявіў прэм’ер-міністр Украіны Уладзімір Гройсман на інвестыцыйным форуме Кіева. Згодна з ягонаю ацэнкай, налета эканамічны рост Украіны складзе 3 %.

Украінская эканоміка сышла ў мінус пасля анексіі Крыму і пачатку ўзброенага канфлікту на ўсходзе краіны. На яго піку паказнік ВУП складаў нават мінус 17 %. Але ўжо амаль два гады як тэндэнцыя змянілася. У другім квартале гэтага года рост склаў 2 цэлыя і 4 дзясятыя адсотка.

«Мы бачым, што гэта цалкам рэальна. Тым больш, што мы плануем у кастрычніку 2017-га года, пасля прыняцця рашэння парламентам, правесці пенсійную рэформу, якая значна павялічыць пенсійныя выплаты», – кажа Уладзімір Гройсман.

Правядзенне пенсійнай рэформы – адное з патрабаванняў Міжнароднага валютнага фонду. Разам з прыватызацыяй і стварэннем антыкарупцыйнага суда. Толькі пасля выканання гэтых умоваў МВФ гатовы выдзеліць пяты транш крэдыту памерам амаль 2 мільярды долараў, які ён затрымаў на пачатку ліпеня.

Нягледзячы на некаторыя палітычныя праблемы, Украіна паспяхова вяртаецца на міжнародны фінансавы рынак. Вялікім поспехам эксперты называюць нядаўняе размяшчэнне еўрабондаў. Агульны попыт на рынку перавысіў 10 мільярдаў еўраў, што кажа пра давер міжнародных інвестараў да ўкраінскай эканомікі.

Вольга Жарнасек