Эканоміка кульгае


Замежны дзярждоўг зноў пабіў рэкорд велічыні за ўсю суверэнную гісторыю. У бюджэце – дэфіцыт, а золатавалютныя рэзервы страцілі за год дваццаць з паловаю адсоткаў. У чым прычына эканамічнага крызісу?

Паводле прэс-службы Нацбанку, за мінулы год айчынныя міжнародныя рэзервовыя актывы скараціліся амаль на два мільярды долараў, або трохі болей, чымся на 20 %. Абумоўлена гэта тым, што Беларусь была вымушаная выплачваць дзярждоўг, да таго ж экспарт рос не так хутка, як хацелася, тлумачаць ва ўрадзе. Недахопы трэба было нечым закрываць. Закрывалі яе міжнароднымі рэзервамі. А каб, у сваю чаргу, папоўніць іх – бралі дадатковыя даўгі, распавядаюць адмыслоўцы. На пачатак года вонкавая запазычанасць склала рэкордныя 18,151 млрд USD.

«Калі эканоміка падае пры росце доўгу дзяржаўнага на 26 %, гэта можна лічыць дзяржаўнай знявагай альбо тым дзеяннем, якое стварае для нашай краіны рызыкі страты незалежнасці», – адзначае кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Летась Беларусь выдаткоўвала больш, чым зарабляла. Гэта і прывяло да таго, што бюджэтнае сальда (розніца паміж даходамі і выдаткамі) пагоршылася больш як на пяць мільярдаў рублёў. Калі ў 2019-м адзначаўся салідны прафіцыт бюджэту, то ў 2020-м ён ператварыўся ў дэфіцыт.

«Ужо на сённяшні дзень па праекце бюджэту на 2021 год мы бачым, што будуць сур‘ёзныя скарачэнні ў сферы ЖКГ. Гэта азначае, што тарыфы ЖКГ, з аднаго боку, будуць расці, а з другога боку – якасць паслуг будзе зніжацца, таму што грошай у сістэме ЖКГ стане менш. Прасцей кажучы, плаціць будзем за ЖКГ больш, а паслугі атрымліваць горшыя», – папярэджвае эканаміст Уладзімір Кавалкін.

Мінфін Беларусі падае абмежаваны аб’ём інфармацыі, ды яшчэ са спазненнем. Тым не менш, з урыўкаў міністэрскай статыстыкі эксперты робяць выснову: эканоміка спаўзае ў крызіс, магчымы нават дэфолт. Пытанне толькі, з якою хуткасцю ўсё будзе пагаршацца.

Каця Малей, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў