Эканоміка Беларусі праз 2 гады пагрузіцца ў вялікі крызіс


Трактароў – на 15% больш, цяжкавікоў – у паўтара разу, а камбайнаў – ажно на дзве траціны. Гэтак павялічыўся экспарт беларускіх прамысловых тавараў за сем месяцаў гэтага году ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага году, паведамляе нацыянальны статыстычны камітэт.

Рост экспарту – недастатковы, каб кампенсаваць страты мінулых гадоў

Вытворчасць трактароў за апошнія гады ўпала ў 2 разы, цяжкавікоў – у 5, а камбайнаў – у 6 разоў, у параўнанні з 2011-ым годам. Такім чынам, каб дагнаць хаця б дакрызісны ўзровень, пры існых тэмпах росту, названым галінам спатрэбіцца 5-7 гадоў.

Між тым, існае ажыўленне на замежных рынках скончыцца значна раней. «2-3 гады, потым будзе запаволенне», – упэўнены эканамічны аглядальнік Аляксандр Абуховіч.

Губляем расейскі рынак

Існы рост экспарту – недастатковы. Пра гэта сведчыць тое, што беларускія тавары страчваюць сваю долю на расейскім рынку. Гэтак МАЗ, хоць і павялічыў пастаўкі на ўсход, але канкурэнты павялічылі іх у разы. У выніку, айчынны вытворца скаціўся з трэцяга месца летась на пятае сёлета. Штопраўда Мінпрам заяўляе пра свае поспехі ў дыверсіфікацыі экспарту. Экспарт у краіны дальняга замежжа вырас на 20 %. Але гэты адсотак – ад вельмі малой лічбы. Паводле самога Мінпраму, на новыя рынкі ідзе менш за 10 % яго прадукцыі

Інвестыцыі ў асноўны капітал сёлета, аднак, наадварот знізіліся

Гэта азначае, што ўлады выкарыстоўваюць часовыя прыбыткі не на мадэрнізацыю ды абнаўленне абсталявання, а на праяданне. Такая палітыка прывядзе да таго, што запаволенне сусветнага дзелавога цыклу праз 2-3 гады нашая прамысловасць сустрэне менш канкурэнтаздольнай, чым нават дагэтуль і без рэзерваў бяспекі.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»