Эканоміка-2021: чакаем дэвальвацыю?


Усё не так кепска, як у суседзяў, аднак захаванне памеру ВУП на ўзроўні мінулага года – заданне няпростае. Па выніках сустрэчы з Лукашэнкам прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка распавёў, што стоадсоткавы рост эканомікі ў Беларусі магчымы пры адсутнасці локдаўну і жорсткіх абмежаванняў у гандлёва-эканамічных партнёраў.

«У прынцыпе, па трэцім квартале мы ўжо дагналі тэмп 2019 года. Хаця гэта ўсё адбываецца ў няпростых умовах. Стабільна станоўчы ўклад у ВУП робіць сельская гаспадарка, будаўніцтва, інфармацыя і сувязь, фінансавы сектар і навука», – заявіў прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка.

А яшчэ, паводле прэмʼера, амаль на паўмільярда рублёў удалося разгрузіць склады. Хоць яшчэ на 5 мільярдаў яны па-ранейшаму загружаныя. А гэта амаль 70 адсоткаў сярэднямесячнай вытворчасці краіны.

«Ім трэба альбо падвысіць цэны, але ў гэтым выпадку яны наўрад ці змогуць прадаць свае тавары, альбо ім трэба скарачаць выдаткі, а гэта азначае ў тым ліку і выдаткі на працу, і зніжэнне заробкаў людзям, якія працуюць на гэтых прадпрыемствах», – кажа эканаміст даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук.

А таму працяг рэцэсіі ды любыя спробы ўраду ратаваць сітуацыю могуць прывесці альбо да скарачэння прыбыткаў насельніцтва, альбо да дэвальвацыі ды яшчэ большай інфляцыі, лічыць эксперт. Як ускоснае пацверджанне гэтаму – жаданне ўраду налета пашырыць спіс сацыяльна неабходных тавараў, кошты на якія будуць рэгулявацца – як падчас дэвальвацыі 2011-га года. Пакуль жа, паводле прэмʼера, сярэдні заробак па краіне наблізіўся ажно да 1300 рублёў! Ці бачаць гэтыя лічбы ў разлікоўках беларусы, мы запыталі жыхароў Віцебску:

«Вядома, менш. Нашмат менш».

«У мяне заробак 1000 рублёў. Працую па 12 гадзінаў. З вышэйшай адукацыяй спецыяліст».

«Я працую на мясакамбінаце і зарабляю 560 рублёў».

«Ну так, прыблізна такі заробак. Але ж вы ведаеце, як вылічваецца сярэдні заробак. Проста вы мэтава трапілі, вось і ўсё».

«Думаю, лепш жыць мы не будзем».

Тым часам банкі максімальна скарацілі спажывецкія крэдыты, запазычанасць па якіх ужо наблізілася да 6-ці мільярдаў рублёў. Агулам за апошнія 12 месяцаў гэтая лічба павялічылася больш як на 10 адсоткаў, не зважаючы на тое, што ў верасні запазычанасць насельніцтва знізілася прыблізна на 100 мільёнаў. Пры гэтым новыя крэдыты беларусы бяруць неахвотна, бо ў асобных выпадках стаўкі дасягаюць больш як 30-ці адсоткаў.

«Хутчэй за ўсё, гэта і дэвальвацыйныя чаканні, але кажучы шырэй, банкі чакаюць павелічэння рызыкі, банкі чакаюць таго, што хтосьці з грамадзянаў можа траціць працу, у кагосьці могуць зніжацца прыбыткі, таму выдаваць крэдыты больш рызыкоўна», – старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Што праўда, урад бачыць станоўчыя зрухі ў стабілізацыі на фінансавым рынку: паводле ўсё таго ж прэмʼер-міністра Галоўчанкі, у параўнанні са жніўнем беларусы ў 10 разоў сталі менш набываць валюты. А можа, проста ўжо няма за што яе набываць?

Віталь Бабін, «Белсат»