Эканаміст пра беларускія прадпрыемствы: «Мы ўхнулі ўніз усёй эканомікай»


Некалі паспяховае прадпрыемства «Гомельбудматэрыялы» цяпер, падаецца, пагрузілася ў зімовы сон. Пустэча ля брамаў і прахадной, зачыненая фірмовая крама.

Такой сітуацыі, як кажуць мясцовыя жыхары, не было тут ніколі

«Расейскія машыны стаялі дзень і ў начы. Склад гатовай прадукцыі працаваў без перапынкаў, адгрузка ішла поўнаю хадою», – узгадвае былая працаўніца Ганна Воранава.

Пра тое, што прадпрыемства цяпер стратнае сведчаць не толькі дадзеныя Міністэрства фінансаў, але і заваленая гатовай прадукцыяй тэрыторыя вытворчасці. Па неафіцыйных дадзеных, тут знаходзяцца дзясяткі тысячаў кубоў блокаў. Кіраўніцтва заводу адмаўляецца каментаваць сітуацыю, а зʼяўленне журналістаў выклікае імгненную рэакцыю аховы.

Баяцца камеры і нешматлікія працаўнікі «Гомельбудматэрыялаў»

Размаўляць пра сітуацыю на прадпрыемстве рабочыя адмаўляюцца. Аднак былі і выключэнні. Падзяліцца інфармацыяй людзі пагадзіліся толькі на ўмоваў выключнай ананімнасці. З іх словаў стала вядома, што ўсіх працаўнікоў вытворчасці па чарзе адпраўляюць у адпачынак за свой кошт.

Такая практыка прыжылася на значнай частцы беларускіх прадпрыемстваў

Дакладную статыстыку не публікуюць, але аналіз розных крыніцаў дазваляе сцвярджаць, што летась сотні тысяч беларускіх рабочых пабывалі ў бясплатных адпачынках ці працавалі няпоўны працоўны дзень.

«Наймальнік не мае права па свайму жаданню адпраўляць таго ці іншага працаўніка ў адпачынак без утрымання. Траціну ягонага заробку наймальнік у гэтым выпадку мусіць выплаціць», – кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

Сітуацыя на «Гомельбудматэрыялах» – сведчанне агульнага крызісу ў краіне

«Мы ўхнулі ўніз усёй эканомікай. Пачынаючы ад хатніх гаспадарак, якія страцілі ў прыбытках, перанеслі рамонты жытла на пазнейшыя гады. Гэтым мы пазбавілі нашую будаўнічую галіну дадатковага заробку, а часам і ўвогуле заробку. А дзяржава рэзка скараціла дзяржаўныя заказы», – тлумачыць эканаміст Андрэй Карпунін.

Іншыя галіны вытворчасці таксама не могуць пахваліцца станоўчымі вынікамі. Лічба стратных арганізацыяў у Беларусі сістэматычна павялічваецца. Іх колькасць за апошні год, толькі па афіцыйных дадзеных, вырасла амаль на адзінаццаць адсоткаў. У спісе, між іншымі, фігуруюць такія гіганты, як МАЗ, Гомсельмаш і Менскі трактарны завод.

Ян Бабіцкі, «Белсат»