Эканаміст пра абяцанне Лукашэнкі даць заробкі па $ 500: «Зʼелі Белтрансгаз, зʼямо і Беларуськалій»


Заробкі падаюць трэці месяц запар. Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, за восень сярэдняя выплата працоўным у Беларусі знізілася на трыццаць з лішнім новых рублёў.

У параўнанні з мінулым лістападам, рэальны заробак, то бок, з улікам інфляцыі, зменшыўся на пяць адсоткаў.

ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ, ПРАФЕСАР, КАНДЫДАТ ЭКАНАМІЧНЫХ НАВУК:

«Мы яшчэ дна не дасягнулі. Паводле маіх разлікаў, якія я публікаваў яшчэ ў канцы 13-га году, выходзіла мы звыш магчымасцяў эканомікі спажываем на 30-35%. Ну, яшчэ на 15-20%, калі нам крэдыту не дадуць, заробак панізіцца за адзін-два гады».

Між тым, Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні чарговы раз паўтарыў свайму апарату даручэнне – падняць налета сярэдні заробак на траціну ад лістападаўскага ўзроўню.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«500 долараў у наступным годзе сярэдні заробак пры ўсіх складанасцях, чаго б гэта не каштавала. Скрадзіце, адкапайце, знайдзіце, што заўгодна! Але 500 долараў павінна быць выканана».

Міжнародныя крэдыторы і незалежныя адмыслоўцы адзінадушна заяўляюць, што эканамічных перадумоваў для павышэння заробкаў няма. Таму выкананне згаданага даручэння гіпатэтычна магчымае толькі на кароткі тэрмін і дарагой цаной.

ЛЕАНІД ЗЛОТНІКАЎ:

«Можна прадаць калійны камбінат і за паўгода-год яго зʼесці. Вось як зʼелі Белтрансгаз. Паднялі заробак у 12-м годзе дзякуючы Белтрансгазу і іншым пазыкам. Зʼелі ўжо, сканчаем праядаць. Ну, зʼямо і Беларуськалій. Іншых варыянтаў такога цуду няма».

Пакуль жа, у чаканні абяцанага, беларусы зацягваюць паясы. Якую частку свайго даходу людзі цяпер выдаткоўваюць толькі на тое, каб паесці, мы спыталіся жыхароў Менску.

А вось тым, хто страціў працу і шукае сабе новую праз біржу, верагодна давядзецца перагледзець свае выдаткі кардынальна. Паводле апытаных намі кадравых агенцтваў, заробкі, якія працадаўцы прапаноўваюць новым працаўнікам, зменшыліся за апошні год у два разы ў рублях, і тэндэнцыя на зніжэнне захоўваецца.

Станіслаў Івашкевіч, Менск