Эканаміст Леанід Заіка пра беспрацоўе: «Будзе такі ўдар па бюджэце, што ўсе сагнуцца ў тры пагібелі»


АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:

«Мы за пяць гадоў вырашым праблему пазыкаў. І цягам пяці год, разлічыўшыся па пазыках мы плануем больш ніколі не пазычаць. Абыходзіцца без пазыкаў».

З гэткаю заявай Аляксандр Лукашэнка выступіў больш за год таму. З таго часу замежны доўг нашай краіны вырас на чарговыя 8 %. Налета, як чакаецца, выдаткі на яго абслугоўванне павялічацца на 20 %. Сёння прадстаўнік Еўразійскага фонду Алішэр Мірзоеў заявіў, што ягонае кіраўніцтва ўводзіць новую ўмову для працягу стабілізацыйнай праграмы з Беларуссю – абмежаваць нястрымны рост пазыковай піраміды.

ЛЕАНІД ЗАІКА, ПРАФЕСАР ЭКАНОМІКІ:

«Беларусь вельмі хутка набрала пазыкаў. Практычна за апошнія 7-8 гадоў, таму гэта – небяспечна».

Гэтая ўмова рэпрэзентаваная ў гэтак званым новым кантрольным параметры – дзяржаўная запазычанасць Беларусі не можа быць большая за 45 % памеру яе эканомікі. Цяпер нацыянальны дзярждоўг ужо перавышае гэтую мяжу на тры адсоткавыя пункты, таму, каб атрымаць наступны транш выратавальнага двухмільярдавага крэдыту, уладам налета давядзецца яшчэ мацней зацягваць паясы. Еўразійскі чыноўнік тлумачыць – прычына росту запазычанасці – няспыннае падтрыманне Менскам неэфектыўнай дзяржаўнай вытворчасці.

АЛІШЭР МІРЗОЕЎ, ДЫРЭКТАР ПРАЕКТУ СТАБІЛІЗАЦЫЙНАЙ ПРАГРАМЫ ЕФСР:

«Значная частка пазыковага цяжару ў Беларусі наўпрост ці ўскосна сфармаваная зніжэннем эфектыўнасці дзейнасці дзяржпрадпрыемстваў і дастаткова нізкаю эфектыўнасцю доўгатэрміновых праектаў, фінансаванне якіх ажыццяўлялася за кошт дырэктыўнага крэдытавання».

Паводле Мірзоева, для развязання гэтай сітуацыі ўлады Беларусі абяцалі ўвесці сёлета працэдуру банкруцтва найменш эфектыўных дзяржаўных заводаў, а звольненым адтуль людзям павялічыць дапамогу ў беспрацоўі да ўзроўню мінімальнага спажывецкага бюджэту, то бок – амаль да двухсот долараў на месяц. Менск гэтага не зрабіў, таму і не атрымаў чарговага траншу памерам $ 300 млн., які чакаўся яшчэ яшчэ два месяцы таму. Яго выдзяленне рада фонду абмяркуе наступны раз у студзені.

ЛЕАНІД ЗАІКА ПРАФЕСАР ЭКАНОМІКІ:

«Рэч у тым, што трэба нармальна лічыць беспрацоўных. У нас іх 40 тысяч чалавек. А калі мы пяройдзем на стандарты МАП (Міжнароднай арганізацыі працы), то атрымаем 150-200 тысяч беспрацоўных. А гэта такі будзе ўдар па бюджэце, што ўсе сагнуцца ў тры пагібелі».

Агулам, падсумоўвае Еўразійскі крэдытор, улады Беларусі даволі дысцыплінавана зацягваюць паясы, што стрымлівае тэмпы рэцэсіі, але не выконваюць абяцаных структурных рэформаў, якія б дазволілі выйсці з гэтага крызісу.

Станіслаў Івашкевіч, Менск