Аб'ектыў 12.06.2019 Эканаміст: 38 % насельніцтва атрымоўвае заробак да 400 рублёў


Больш давяраем беларускім рублям, але ўсё менш іх адкладаем. Нацыянальны банк апублікаваў вынікі даследавання грамадскае думкі наконт інфляцыйных чаканняў. Без даследавання можна сцвярджаць, што людзі не чакаюць і не хочуць падаражэння, а тым часам рост цэнаў паскорыўся ў траўні. Чаму так адбылося, і ці ўдасца ўладам яго прыпыніць?

Прыходзім у крамы, а тыя самыя прадукты каштуюць даражэй. Жыхароў Беларусі турбуе рост цэнаў. Апытаныя намі жыхары Віцебску сведчаць:

«На ежу паскорыўся рост коштаў».

«Так, адчуваецца. Але я б не сказала, што моцна расце».

«Не, не адчуваю. Мне неяк усё роўна».

«Ну адчуваем, паскорыўся, ну што зробіш! Наша жыццё такое».

Рост сапраўды паскорыўся. Калі ў красавіку інфляцыя ў гадавым вымярэнні склала 5,5 %, то ўжо ў траўні – 6,2 %.

«Справа ў тым, што інфляцыя лічыцца год да года. То бок кошты траўня гэтага года параўноўваюць з коштамі траўня мінулага года. Дык вось, летась у траўні ў нас была дэфляцыя», – тлумачыць старэйшы аналітык «Alpari» Вадзім Іосуб.

Найбольш падаражэлі ў мінулым месяцы харчовыя тавары – рост цэнаў на 7,1%, і паслугі – рост на 6,9%. Нехарчовыя тавары падаражэлі на 4,3%.

Паводле плану ўраду, інфляцыя за ўвесь 2019 год не павінна перакрочыць 5%. З мэтай урэгулявання коштаў у траўні стварылі адмысловую камісію. Кіраваць рынкавымі цэнамі – бессэнсоўна, кажа Вадзім Іосуб. Затое ёсць сэнс каардынаваць рашэнні дзяржаўных установаў:

«Напрыклад, Нацыянальны банк мае свае планы для інфляцыі, а «Белнафтахім» падымае цэны на бензін на капеечку. Як мінімум, трэба такія рэчы каардынаваць».

Акурат Нацыянальны банк сёння апублікаваў вынікі даследаванняў з выбаркі на 2000 чалавек. Гэтак з лістападу 2018 па травень 2019 беларусаў, гатовых адкладаць грошы ў рублях, пабольшала амаль у паўтара разу – з 466 да 677. Адначасова, жыхароў Беларусі, якія лічаць, што цяпер добры час для ашчаджання грошай, паменела – 653 супраць 602.

І калі першае – вынік перадусім пісьменнай палітыкі Нацыянальнага банку, то другое можа сведчыць пра негатыўную тэндэнцыю, мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў:

«У нас недзе 38 % насельніцтва атрымоўвае да 400 рублёў заробак. Акурат гэтая доля і магла сказаць, што ім не да таго, каб адкладаць. І гэтая доля, відавочна, расце».

Паводле ж Вадзіма Іосуба, у Беларусі хутчэй за ўсё ўдасца ўтрымаць інфляцыю ў раёне запланаваных 5%. Леанід Злотнікаў мяркуе, што нават пры нізкім росце цэнаў пакупніцкая здольнасць беларусаў будзе падаць. І на гэта будзе ўплываць стан нашай эканомікі ў цэлым.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары