Эканамічны націск на ўрад Лукашэнкі расце


Усё новыя эканамічныя ўдары спазнаюць чыноўнікі нашае краіны. Сёння Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця паведаміў, што пакуль не будзе разглядаць фінансавання новых дзяржаўных праектаў у Беларусі. Падпісаныя будуць даведзеныя да канца. Праца ў прыватным сектары таксама працягваецца.

«Мы хочам працаваць у краінах, дзе ці дэмакратычны рэжым, ці ёсць паслядоўная праца ў стварэнні такога. Калі мы назіраем парушэнне дэмакратычных працэсаў, то далей адбываецца працэс палітычнай ацэнкі. Гэтая ацэнка падаецца на суд акцыянерам. І акцыянеры ўжо пастанаўляюць, якім чынам мы будзем працаваць далей», – кажа старэйшы дарадца ў замежных сувязях у ЕБРР Антон Вусаў.

З пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі, з 1992-га года, ЕБРР інвеставаў у Беларусь амаль чатыры мільярды долараў. За мінулы год гэты банк вылучыў крэдытаў на 400 мільёнаў долараў.

«Нельга выключаць помсты з боку нашых афіцыйных уладаў. Мабыць, да прыватных атрымальнікаў крэдытаў ЕБРР могуць даслаць праверкі», – лічыць старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Еўразвяз плануе толькі пашыраць санкцыі. У чацвер разгледзяць павялічаны спіс санкцыяў супраць асобаў, звязаных з рэпрэсіямі і ґвалтам. ЗША плануюць прыняць «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі», які прадугледжвае чарговыя санкцыі супраць ураду Лукашэнкі. У Еўрапарламенце пачалі збор подпісаў за перанос чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі. Швецыя два месяцы не дапамагае дзяржаўным структурам Беларусі і плануе перанакіраваць сродкі грамадзянскай супольнасці. Разглядаць падтрыманне Беларусі будзе і Еўразвяз.

«Можна чакаць спынення супрацы з любымі міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Напрыклад, з МВФ у нас і без таго супраца не складалася. Можа быць прыпыненая супраца з Сусветным банкам. Як мы ведаем, цяпер абмяркоўваюцца і іншыя эканамічныя санкцыі. Спектр гэтых санкцыяў можа быць вельмі шырокі», – прагназуе Вадзім Іосуб.

У адказ МЗС Беларусі пашырыла санкцыйны спіс па Еўразвязе і Канадзе. Ён яшчэ не апублікаваны. Уладзімір Макей абяцае, што Менск перагледзіць праграмы супрацы з Еўразвязам у некалькіх пытаннях: гэта, напрыклад, атамная энергетыка, барацьба з нелегальнаю міграцыяй, кантрабандаю наркотыкаў.

«Мы не бачым сэнсу далей працягваць дыялог з Еўразвязам аб правах чалавека. Мы прыпыняем гэты дыялог да таго часу, пакуль Еўразвяз не прыме рашэння змяніць палітыку Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця ды Еўрапейскага інвестыцыйнага банку», – паведаміў міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Мы запыталі жыхароў Віцебску, ці гатовыя яны ахвяраваць сваім дабрабытам дзеля зменаў у краіне:

«Усё ж такі так, гатовая. Бо мне б хацелася зменаў у краіне».

«Не, нас усё задавальняе, таму…»

«Я ўвогуле не хачу ніякіх зменаў. Я прызвычаіўся працаваць. Прызвычаіўся ў палітычнае, калі давяраюць людзі тым, каго абралі, не ўмешвацца».

«Урэзаць доступ да міжнародных лініяў, адрэзаць іх ад поўнага звароту. Сама сістэма не вытрымае такога націску, хаця яна ўжо і так не вытрымлівае».

Некаторыя беларусы пастанавілі націснуць на ўладу праз эканамічны чыннік: не набываюць дзяржаўнай прадукцыі, забіраюць грошы з банкаў. За апошні месяц агульная сума рублёвых дэпазітаў скарацілася на прыблізна 33,9 мільёнаў рублёў, валютных – на 103 мільёны долараў.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат».