Эканамічны крызіс знішчыць паўмільёна беларусаў за 15 гадоў


Ці пагражае Беларусі дэмаграфічны крызіс? Гэтае пытанне даўно хвалюе кіраўніцтва краіны. Праўда, апошнімі гадамі ўсё часцей гаворыцца пра станоўчыя вынікі.

«Трэба замацаваць станоўчыя дэмаграфічныя працэсы. З 2013 года ў нас адзначаецца прырост насельніцтва», – хваліўся кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

І сапраўды, толькі з пачатку 2016 года жыхароў Беларусі паболела. Статыстыкі зарэгістравалі прырост больш як на шэсць з паловаю тысячаў чалавек. У Навукова-даследчым інстытуце працы Міністэрства працы такую сітуацыю тлумачаць адназначна.

«Досвед развязання дэмаграфічных праблемаў паказаў, што за адносна невялікі перыяд можна дабіцца істотнага паляпшэння сітуацыі. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі станоўча паўплывала на гэтыя працэсы», – тлумачыла Таццяна Міронава з навукова-даследчага інстытуту працы пры Міністэрстве працы.

Тэндэнцыя добрая, але нядоўгая

Аднак той самы інстытут адзначае, што спадзявацца на стабільнасць такой тэндэнцыі не выпадае. Сведчаць пра гэта звесткі адмысловага даследавання, якое правялі паводле чатырох варыянтаў: высокага, сярэдняга, нізкага і інерцыйнага. Усе, акрамя высокага, прадугледжваюць скарачэнне насельніцтва цягам бліжэйшых пятнаццаці гадоў. Згодна з інерцыйным прагнозам, які не ўлічвае міграцыйных працэсаў, колькасць жыхароў Беларусі скароціцца да менш як дзевяці мільёнаў. Самы песімістычны сцэнар не выключае зніжэння ўзроўню жыцця, скарачэння нараджальнасці ды ўзросту смяротнасці.

Беларускі не хочуць нараджаць

Вядома, уплывае крызіс, асабліва калі ў нас будзе расці беспрацоўе. Праблема таксама ў жытле. Льготная праграма ўжо не дзее для маладых семʼяў, але альтэрнатывы ніякай няма. У Расеі, да прыкладу ёсць інстытут іпатэкі, а ў нас няма», – распавяла сацыёлаг BISS Алена Арцёменка.

А гэта прымушае беларусаў адкладаць нараджэнне дзіцяці, або ўвогуле адмаўляцца ад папаўнення сямʼі. Такая сітуацыя не новая. У параўнанні са звесткамі перапісу насельніцтва з 1999 года, колькасць жыхароў краіны сістэматычна змяншалася. Цягам апошніх сямнаццаці гадоў лічбы жыхароў Беларусі скараціліся ў кожным рэгіёне. Часовае паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі некаторыя адмыслоўцы звязвалі з прытокам мігрантаў, між іншага, з ахопленай вайной Украіны. Іншыя сумняваюцца ў прывабнасці Беларусі ды кажуць пра эканамічны крызіс у суседняй Расеі.

Як змяніць сітуацыю?

У тэорыі гэта ведаюць урад, парламент і кіраўнік краіны.

«Моцная сямʼя, якая выхоўвае трох дзяцей, мусіць стаць грамадскім ідэалам сацыяльнай нормы», – казаў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак да ідэалу ў Беларусі пакуль далёка.

«Тыя захады, якія ў нас робяцца, а гэта найперш сямейны капітал як асноўная захада, яны не паказваюць эфектыўнасці. Калі параўнаваць з іншымі краінамі, выплаты занадта абумоўленыя, занадта адкладзеныя выплаты», – падсумавала Алена Арцёменка.

Хоць Беларусі пакуль не пагражае выміранне, слабыя дэмаграфічныя вынікі – гэта кепская навіна для большасці жыхароў краіны. З прычыны росту колькасці не здольных да працы людзей, ужо з першага студзеня ў Беларусі пачнецца паступовае павелічэнне пенсійнага веку.

Ян Бабіцкі, Белсат, фота: vdvgazeta.ru