Эканамічны форум у Менску: міжнародная ізаляцыя Беларусі слабее


Беларусь у дзіўным новым свеце. Гэткі слоган сёлетняга Кастрычніцкага эканамічнага форуму. Свет, можа, сапраўды дзіўны і новы. А вось пазіцыя кіраўніцтва Беларусі – не асабліва.

«Мне здаецца, што найлепшы эканамічны курс – гэта курс прадказаны і прадказальны. Для бізнесу і ўсяго грамадства ў цэлым няма нічога лепш за стабільнасць і прадказальнасць. І няма нічога горш за нечаканыя навацыі ды імправізацыі», – гаворыць Аляксандр Турчын, віцэ-прэм’ер-міністр.

Эвалюцыя без рэвалюцыі – такі мае быць шлях Беларусі, паводле ўрадоўца. Аляксандр Турчын прывёў як прыклад развіццё камуністычнага Кітаю пасля Дэн Сяў Піна. Маўляў, і эканоміку збудавалі, і сістэму сваю захавалі. Чытаючы з нарыхтаваных аркушаў, віцэ-прэм’ер звярнуў увагу замежных гасцей на тое, каб яны ўважліва прагледзелі перадвыбарную праграму Аляксандра Лукашэнкі:

«Калі ў Беларусі не захочуць заставацца таленавітыя людзі, то нічога добрага нас у будучыні не чакае. Таму ключавым у развіцці краіны я асабіста бачу даручэнне прэзідэнта…»

У якасці пазітыўнага прыкладу віцэ-прэмʼер згадаў развіццё ІТ-сферы пасля прыняцця леташняга дэкрэту Лукашэнкі. Паводле прадпрымальніка, заснавальніка «VP CAPITAL» Віктара Пракапені, ва ўладаў і бізнесу ёсць агульнае бачанне развіцця гэтай галіны:

«У Беларусі быў прыняты дэкрэт, і там ёсць частка, якая датычыць крыптавалютаў, біржаў і іншых рэчаў. Уласна, праз інструменты ISO, іншыя інструменты можна будзе сюды прыцягваць грошы. У Беларусі ўжо ёсць кампаніі, якія атрымалі такога кшталту фінансаванне».

Кастрычніцкі эканамічны форум у лістападзе ўжо шосты раз праводзіцца ў беларускай сталіцы. А ў апошнія тры гады – з падтрыманнем Еўразвязу. Зрэшты, і сама тэхнічная дапамога нашай краіне з боку абʼяднанай Еўропы за апошнія два гады вырасла ўдвая, паведаміла Катарына Матэрнава, прадстаўніца Еўракамісіі ў галіне добрасуседства і пашырэння:

«Еўразвяз дае шмат рэсурсаў і дапамогі. Мы спрабуем быць больш разумнымі ў гэтым. Мы хочам працягваць рабіць гэтага больш у Беларусі».

І яшчэ пазітыўны момант, якім пахваліліся ўлады. Андрэй Еўдачэнка, намеснік міністра замежных справаў:

«Толькі зусім нядаўна яны прыступілі да абмеркавання пытанняў, звязаных з уступленнем Беларусі ў СГА».

Яны – гэта значыць ЗША, меркаваны год уступлення ў арганізацыю – 2020-ты. Маіка Осікава, дырэктарка дэпартаменту далучэння новых краінаў да Сусветнай гандлёвай арганізацыі:

«Гэта было тое, што я заўсёды хацела пачуць. Акрэсліўшы час, вы даслалі сігнал, што вы сурʼёзна да гэтага ставіцеся. Без пазначэння канкрэтнага тэрміну людзям складана. Цяпер усё ясна. Мне больш няма на што наракаць!»

З выступаў на канферэнцыі вынікае: міжнародная ізаляцыя Беларусі слабее. Але ці паспрыяе гэта наладжванню сапраўды стабільнага і годнага жыцця беларусаў, і ці магчымае яно без палітычных зменаў? На гэтае істотнае пытанне адказу на форуме ніхто не пачуў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu