Эканамічнае падзенне Беларусі пад кіраўніцтвам Лукашэнкі працягваецца


Свята, якое адмяніў Лукашэнка. Пра 27 ліпеня 1990-га года цяпер у асноўным памятаюць гісторыкі, палітыкі і журналісты. Але гэты дзень назаўжды ўвайшоў у гісторыю нашае краіны, як дзень, калі Беларусь здабыла незалежнасць. Якім быў шлях краіны за гэтыя 28 гадоў?

Здзейснілася! Роўна 28 гадоў таму, 27 ліпеня 1990-га года, Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце тады яшчэ савецкай краіны.

«Гэта здабытак таго, што моладзь абсалютна натуральна ўспрымае жыццё ў незалежнай дзяржаве. Тое, што нашыя спартовыя каманды выступаюць пад якім-ніякім, але сцягам незалежнай дзяржавы. Мы маем юрыдычную незалежнасць», – кажа дэпутат Вярхоўнага савету XII склікання Юрась Беленькі.

Цягам пяці гадоў – з 1991-га да 1996-га – дзень 27 ліпеня адзначаўся як нацыянальнае свята – Дзень незалежнасці Беларусі. Праз два гады пасля абрання прэзідэнтам Аляксандр Лукашэнка вынес на рэферэндум пытанне аб пераносе гэтай даты. У выніку галоўнае свята сталі адзначаць 3 ліпеня, у Дзень вызвалення Менску ад гітлераўцаў.

«У беларускім грамадстве на той час усё, што было звязанае з перамогаю ў вайне, было сакральнае. І Лукашэнка гэта выкарыстаў, прапанаваў перанесці дату», – заўважае палітолаг Валер Карбалевіч.

І хоць трансфармацыя палітычнай сістэмы ў кожнай з былых савецкіх рэспублік праходзіла па-свойму, а гісторыя не мае ўмоўнага ладу, якая б была Беларусь сёння, калі б 24 гады таму да ўлады не прыйшоў былы кіраўнік саўгасу «Гарадзец»?

Сваймі ўяўленнямі дзеліцца Юрась Беленькі:

«Мала хто б сказаў – давайце пойдзем у Расейскую Федэрацыю. І расейская прапаганда мела б маленькі эфект. Таму РФ праз Лукашэнку зрабіла ўсё магчымае, каб эканоміка Беларусі была на вельмі маленькім узроўні».

І як таму пацверджанне – валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці, то бок здольнасці набыць пэўныя тавары.

Летась у Беларусі склаў ён каля $ 19 тыс. У той жа час гэты паказнік у Літве перавышае гэтую лічбу амаль удвая. Пры гэтым, паводле афіцыйнай статыстыкі, узровень беднасці ў балтыйскіх краінах захоўваецца на дастаткова высокім узроўні – кожны чацвёрты жыхар Літвы, Латвіі ды Эстоніі лічыцца бедным. У Беларусі гэткіх грамадзянаў налічылі ўсяго каля 6 %. Што праўда, падыходы да вызначэння беднасці ў нашых паўночных суседзяў і Беларусі адрозніваюцца, падкрэслівае эканаміст Леанід Злотнікаў:

«Чалавек лічыцца бедным, калі кожныя два дні ён не можа есці рыбу ці мяса. У нас жа бедны – гэта хоць бы не памёр. Ён не можа нават утрымліваць сям’ю, а калі кагосьці і народзіць, то проста не пракорміць».

Каб пракарміцца, беларусам усё часцей даводзіцца ездзіць за мяжу. У той жа час нашыя суседзі таксама шукаюць лепшай долі ў больш заможных краінах, хоць у параўнанні з Беларуссю і могуць пахваліцца лепшымі заробкамі.

«Яны свабодныя. Калі яны ўступілі ў ЕЗ, у іх не было аніякіх перашкодаў. Яны могуць паехаць у Англію, Ірландыю, могуць зарабіць 4000 еўраў, 3000 еўраў. Іх ніхто не трымае і не мае права, бо не дзяржава галоўнае, а асоба, чалавек», – працягвае Леанід Злотнікаў.

Сёлета сярэдні заробак у Літве склаў 700 еўраў, у Латвіі – амаль тысячу, прыкладна столькі ж у Эстоніі. У той жа час беларусы могуць разлічваць на сярэдні заробак каля 400 еўраў – гэта амаль на 200 еўраў менш, чымся ў суседняй Расеі, ды больш як на траціну ў параўнанні з Украінаю.

Віталь Бабін, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы на відэа REUTERS/Vasily Fedosenko/ Forum