Эдуарда Пальчыса вызвалілі ў зале суда


Пад воплескі, воклічы ды віншаванні з дваццаць шостым днём народзінаў. Вызваленне блогера Эдуарда Пальчыса віталі палітыкі, паплечнікі і родныя.

ЭДУАРД ПАЛЬЧЫС, БЛОГЕР

«Я хачу сказаць, што мяне вызвалілі вы – грамадзянская супольнасць. Я не герой. Героі – гэта вы, усе журналісты. Так як саджалі мяне, могуць пасадзіць кожнага з вас, хто піша ў інтэрнэце, хто працуе з інфармацыяй».

Менскі гарадскі суд прызнаў стваральніка сайту «1863x.com» вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу – за наўмыснае распальванне нацыянальнае варожасці і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў. Пальчыса асудзілі на 1 год і 9 месяцаў зняволення без скіравання ў папраўчую ўстанову. Паколькі блогер, вядомы пад псеўданімам Джон Сільвер, правёў за кратамі амаль 10 месяцаў, яго чакае каля двух месяцаў «хатняе хіміі» – пры прызначэнні такога віду пакарання адзін дзень у СІЗА ідзе за два.

ГАННА БАХЦІНА, АДВАКАТКА ЭДУАРДА ПАЛЬЧЫСА

«Я задаволеная тым, што чалавека адпусцілі дадому. А ўсё астатняе – як атрымаю копію прысуду, пачытаю, пагляджу. Таму што – чалавек-баец і гэта чалавек, які прывык ісці да канца».

Судзілі Эдуарда Пальчыса за зачыненымі дзвярыма цягам двух тыдняў. Працэс адзначыўся беспрэцэдэнтным падтрыманнем блогера грамадскімі актывістамі, якія збіраліся каля будынку Менскага гарадскога суда штодня. У выніку за два тыдні праваахоўнікі склалі на пікетоўцаў больш за паўсотні адміністратыўных пратаколаў.

ЗМІЦЕР ДАШКЕВІЧ, СУСТАРШЫНЯ «МАЛАДОГА ФРОНТУ»

«Каля трохсот чалавек падпісалася пад артыкулам Эдуарда Пальчыса (мы збіралі подпісы) «5 прычын, па якім Украіна пераможа Расейскую Федэрацыю«. І калі гэта злачынства, то судзіце 300 чалавек! Засудзіць не могуць, бо гэта не злачынства, гэта абсурд».

Крымінальную справу супраць Эдуарда Пальчыса распачалі яшчэ летась. Увосень 2015-га года ён выехаў ва Украіну, але затым пастанавіў вярнуцца ў Беларусь. Блогер меркаваў, што яго могуць затрымаць на ўкраінска-беларускай мяжы, таму паехаў праз Расею, дзе яго і ўзялі пад варту.

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ, ПАЛІТЫК

«Лукашэнка абраў кампрамісны варыянт. Ён дагадзіў Расеі, бо за публікацыі, якія ёй не падабаюцца, накіраваныя ў абарону Беларусі, ён пакараў гэтага чалавека, гэтага хлопца. З другога боку, як глядзяць заходнікі? Чалавек жыве дома, спіць у сваім ложку, са сваёй сямʼёй. Ну, нібыта і не пакаралі».

Пасля вызвалення Пальчыс выказаў спачуванні ўсім родным ды блізкім загінулага журналіста Паўла Шарамета і паабяцаў змагацца за кожнага вязня, які застаецца за кратамі паводле сваіх палітычных ці грамадскіх перакананняў. Наперадзе ж блогера чакае новы суд, дзе будзе вырашацца, ці прызнаваць сайт «1863x.com» экстрэмісцкім.

ЭДУАРД ПАЛЬЧЫС, БЛОГЕР

«Спадары з сілавых структураў вырашылі, напэўна, больш прапіярыць мой сайт. Таму што я быў маленькім блогерам, а цяпер дзякуючы ім гляджу толькі ў адныя камеры, як зараз».

Пасля затрымання ў Расеі Джона Сільвера – аўтара гістарычных артыкулаў пра Беларусь ды няўрымслівага крытыка Крамля – змясцілі ў СІЗА Бранскай вобласці, а ўжо ў чэрвені Пальчыса экстрадавалі ў Беларусь. Праваабаронцы прызналі справу стваральніка блогу «1863x.com» палітычнаю.

Віталь Бабін, «Белсат»