Дзяцей вядуць у «каронавірусныя» школы і садкі


У Беларусі новымі цэнтрамі хваробы становяцца школы, дзе ўсіх дзяцей з дыстанцыйнага навучання зноў заклікалі прыйсці ва ўстановы адукацыі, у тым ліку заражаныя.

Усяго за дзень у Беларусі афіцыйна дадаліся 784 інфікаваныя – гэта сярод тых, каму зрабілі тэсты. Агулам заражаных – 17 489. Памерлі 103 хворых на «Ковід-19», хоць чыноўнікі Мінздароўя зноўку падкрэсліваюць: прычына смерці – хранічныя хваробы. Пры гэтым афіцыйныя лічбы новых інфікаваных і памерлых за дзень застаюцца прыкладна на адным узроўні. Адзін з самых пацярпелых рэгіёнаў – Віцебская вобласць. У Мінздароўя кажуць, што сітуацыя там нармалізавалася. Але з‘явілася новая гарачая кропка – Вушацкі раён.

«Сітуацыя, канечне, не такая, як па тэлевізары кажуць. Колькасць [хворых на каронавірус] расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Калі на пачатку красавіка ў нас было 2 чалавекі, то цяпер іх ужо 40. За месяц. І гэта вельмі шмат. Бо людзей з іншай паталогіяй класці зусім няма куды – у больніцы няма месцаў», – распавяла працаўніца мясцовай хуткай дапамогі Таццяна Андрэева.

Яшчэ больш за 70 чалавек у Вушацкім раёне ляжаць у шпіталі з «нявызначанаю пнеўманіяй». З вызначанай каронавіруснай пнеўманіяй трапіла ў шпіталь настаўніца школы № 198 у Менску. У будынку – дадатковыя захады дэзынфекцыі, але не ўсе бацькі адпускаюць дзяцей вучыцца ў асяродак віруса.

Вось што «Белсату» распавялі бацькі вучняў школы № 198:

«На мінулым тыдні было 8-9 вучняў, а ўсяго мусіла быць 32».

«У школу мы ідзём пасля паўтарамесячнай ізаляцыі».

«У мяне дзіцё ў масцы, яны пастаянна ў масцы на занятках сядзяць. Антысептык у іх у класе ёсць, у майго свой».

А ў менскім дзіцячым садочку № 108 у Каменнай Горцы ў дзяцей масак няма, а лабараторна пацверджаны выпадак каронавіруса ў дзіцяці – ёсць. Не на камеру бацькі кажуць, што ўжо захварэла і выхавальніца. Вось што сказалі нам бацькі дзяцей з садка № 108:

«Хлопчык, выпускная група, захварэў».

«Пра які каранцін? Дзе? У садочку нашым? Не чулі».

«Тэмпературу мераць, рукі апрацоўваць, дэзынфекцыя. А што там далей у групе адбываецца. У адной групе каранцін увялі, а ў нашай няма».

«Яго зусім трэба зачыняць. Захады бяспекі цалкам не дапамогуць».

Сёння ў шпіталі памерла хворая на «Ковід-19» манашка Свята-Елісавецінскага манастыра ў Менску. На Вялікдзень там прайшла масавая святочная служба насуперак рэкамендацыям кіраўніцтва Праваслаўнай царквы ў Беларусі.

Нягледзячы на пандэмію, працягваецца і футбольны чэмпіянат: і мужчынскае, і жаночае першынство.

«За гэтым у нас сочыць Міністэрства здароўя, гэта прафесійныя людзі. І калі яны дазваляюць граць, значыць, яны ў гэтых пытаннях разбіраюцца», – мяркуе старшыня футбольнага клубу «Менск» Ігар Шлойда.

«Калі шчыра, для мяне гэта звычайны грып, я не панікую», – кажа ягоная футбалістка Настасся Харланава.

Кіраўнік Беларусі не плануе адмяняць масавых мерапрыемстваў, бо лічыць сітуацыю з каронавірусам «больш-менш нармальнай», і зноўку кажа пра інфармацыйны псіхоз вакол хваробы.

«Мы як мае быць змагаемся з гэтай заразай. Проста мы арганізаваліся. Уся краіна… Таму, калі вы дзесьці чытаеце, што Лукашэнка з’ехаў з глузду і не тое робіць, не слухайце і не чытайце. Мы не дурныя, каб станавіцца ў позу і дэманстраваць сваю круцізну. На здароўі людзей гэтага ніколі не зробіш», – гэтак Лукашэнка праз відэаканферэнцыі запрашаў прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона і прэзідэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева на саміт Еўразійскага эканамічнага саюзу 19-га траўня – ужывую. Яны пакуль не пацвердзілі згоды.

«Абяцаю поўную бяспеку. Упэўнены, што вы ў добрым настроі пакінеце Менск», – пераконваў Дадона кіраўнік Беларусі.

У размове з Дадонам Лукашэнка выказаў меркаванне, што Уладзімір Пуцін можа і не прыехаць, бо ў Расеі сітуацыя з каронавірусам не вельмі добрая. Кіраўнік расейскага Мінздароўя сапраўды заяўляе пра пагрозу новай хвалі эпідэміі, хоць пік захворванняў там яшчэ не настаў.

Па ўсім свеце каронавірусам інфікаваныя больш за 3,5 млн асобаў, амаль чвэрць мільёна памерлі ад «Ковіду».

Яраслаў Сцешык belsat.eu