«Дзяцей вадзіў у гэты сад, потым унукаў». Замест яблыневага саду – забаўляльны цэнтр


Менск працягваюць ушчыльняць – гэтым разам на паўднёвым захадзе сталіцы плануюць пабудаваць чарговы шматфункцыянальны культурна-забаўляльны цэнтр. І дзеля гэтай мэты – пусціць пад сякеру значную частку яблыневага саду. Мясцовыя жыхары, вядома, супраць, аднак ці атрымаецца абараніць любімае месца адпачынку?

Замест васьмі гектараў саду – чатырохпавярховы будынак. Гэткія планы сталічных уладаў. Забаўляльны цэнтр мае з‘явіцца ў раёне вуліцаў Гарэцкага – Рафіева. Грамадскае ж абмеркаванне плану праекту правялі фармальна, кажуць мясцовыя жыхары. Шмат хто з іх даведаўся пра слуханні постфактум.

«Я хацела б, каб захавалі зялёную зону. Зрабілі культурныя дарожкі. Ужо калі трэба, мы са сваёй пенсіі скінемся і дапаможам дзяржаве нашай беднай-жабрачай».

«Дзяцей вадзіў у гэты сад, потым унукаў вадзіў. Яны не садзілі гэтага саду, а хочуць яго выразаць. Трэба саджаць, а не выразаць!» – кажуць мясцовыя жыхары.

Супраць будаўніцтва ў раёне вуліц Гарэцкага і Рафіева сабралі агулам больш за 800 подпісаў. Апроч таго, накіравалі калектыўны ліст у шэраг ведамстваў з прапановамі захавання і ўпарадкавання зялёнай зоны.

«Мы разумеем, што насамрэч пытанне стаіць вельмі востра. І грамадзяне не проста супраць, яны абураныя будаўніцтвам на тэрыторыі яблыневага саду якіхсьці грандыёзных аб’ектаў» – кажа ініцыятарка збору подпісаў Алена Іванюк.

У выніку адбылося ўжо некалькі сустрэч жыхароў з кіраўніцтвам Маскоўскага раёну. На апошнюю прыйшлі каля 150-ці чалавек, і кожны з іх выказаўся супраць знішчэння саду і будаўніцтва ў зялёнай зоне новай дарогі.

«Мы хочам, каб улады да нас прыслухаліся і звярнулі ўвагу на ўласны экалагічны даклад, у якім сказана, што ёсць »нулявы варыянт«, то бок пакінуць усё як ёсць», – гаворыць Алена Іванюк.

Ірына, мясцовая жыхарка, дадае:

«Просім захаваць гэты маленькі зялёны лапік зямлі паміж раёнамі, паміж двума каменнымі раёнамі, якія ў нас цяпер атрымаліся».

Жыхары апасаюцца, што сустрэчы з чыноўнікамі могуць ператварыцца ў гаварыльню. Яны хочуць дамагчыся правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання. Алена Іванюк:

«Мы апасаемся, што ўсе нашыя стогны гэтак і будуць інтэрпрэтаваныя як проста планавая сустрэча, якая незапратакаляваная, а значыць, тут нічога не абмяркоўвалася, не гаварылася, і ўсё застанецца, як было».

Выслухаць жа пазіцыю ўладаў было не так проста: намеснік старшыні райвыканкаму і прадстаўнік Упраўлення архітэктуры і будаўніцтва сышлі пасля сустрэчы з людзьмі праз чорны выхад, а іхныя працоўныя тэлефоны на наступны дзень не адказвалі.

Пакуль менчукі змагаюцца за свой парк і сад, зусім побач спілавалі бярозавы гай – дзеля вялізнай паркоўкі. Падчас рэканструкцыі электралініяў цяжкая тэхніка нішчыць расліннасць. Ці здолеюць людзі змяніць сітуацыю і захаваць свой любімы сад? Вельмі хочацца на гэта спадзявацца.

Арцём Лява, belsat.eu