Дзяцей пагражаюць забраць, рахункі арыштоўваюць


Разліковы рахунак фонду Віктара Бабарыкі для ўдзелу ў выбарах – арыштаваны. Пры гэтым дакументальна абгрунтаваць арышт сродкаў «Беларусбанк» – не можа. У штабе Бабарыкі заявілі, што гэта не перашкодзіць збору подпісаў ды правядзення кампаніі.

Агулам жа перад прэзідэнцкімі выбарамі такога маштабу рэпрэсіяў яшчэ не было: больш за 30 асобаў, звязаных з вылучэнцамі – знаходзяцца пад крымінальным пераследам і каля сотні – зазналі адміністратыўныя арышты.

Ціснуць і на журналістаў: аператара Аляксандра Баразенку і журналістку Галіну Абакунчык, што ладзілі стрым для «Белсату», літаральна перад выданнем «Аб’ектыву» затрымалі ў Салігорску.

«Мы нармальная сям‘я, нармальна жывем, ні ў якіх СОПах не стаім («сям‘я ў сацыяльна небяспечным стане«), нічога. Дачка ходзіць у сад, чыстая, апранутая, накормленая. Спраўна плацім за садочак», – плача жыхарка Горадні Віталія Навумік.

Раніцай да яе прыйшлі з праверкаю кватэры загадчыца, выхавацель і псіхолаг дзіцячага садка № 96, у які ходзіць дачка. Чыноўнікі сталі распытваць пра затрыманне мужа Уладзіміра Навуміка на выбарчым пікеце за Святлану Ціханоўскую.

«Потым зачыталі мне паперу, што калі адбываўся вобшук, што ў мяне ў кватэры быў беспарадак, бычкі ад цыгарэтаў і бутэлькі ад спіртнога. І што я палю пры дзіцяці. Я спытала: як я магу так рабіць? Яны кажуць: вы разумееце, што ў вас забяруць дзіця», – распавядае Віталія Навумік.

Уладзімір Навумік цяпер у Следчым ізалятары № 1 у Менску ў межах крымінальнай справы супраць Сяргея Ціханоўскага і яшчэ дзевяці чалавек, распачатай пасля правакацыі ды затрымання са спецназам 29 траўня ў Горадні. Паводле абвінавачання ў арганізацыі грубага парушэння грамадскага парадку і ґвалту адносна міліцыянтаў ім пагражае да трох і да шасці гадоў пазбаўлення волі.

«Гэта брутальная правакацыя, здзейсненая спецслужбамі, АМАПам», – кажа гарадзенскі праваабаронца Раман Юргель.

Праваабаронцы прызналі арыштаваных палітычнымі вязнямі. А ўлады завялі супраць Сяргея Ціханоўскага чарговую крымінальную справу – перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў або працы Цэнтрвыбаркаму – яшчэ да трох гадоў калоніі.

«Ініцыятарам адной заявы адносна Ціханоўскага была і я. Гэтая група вяла сябе непрыстойна… Група Ціханоўскага імкнулася расхістаць сітуацыю, выкарыстоўвала збор подпісаў, накіраваўшы яе на змену ўлады… Выбары – гэта канстытуцыйны пераход улады, але не гвалтоўная змена», – заявіла ў інтэрвью «Камсамольскай праўдзе» старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Тады ж, 29 траўня, затрымалі і гарадзенца Сяргея Калмыкова.

«Тры дні было цяжка, было вельмі халодна, дзвюма коўдрамі накрываўся, каб сагрэцца, фізічныя практыкаванні рабіў. Пасля гэтага перавялі на Валадарку (СІЗА №1)», – распавядае Калмыкоў.

Яго перавялі ў сведкі і сёння судзілі адміністратыўна за дробнае хуліганства ды непадпарадкаванне. Працэс перанеслі на пятніцу. У Берасці за травеньскую акцыю пратэсту сёння на 15 дзён арышту асудзілі прэс-сакратара Святланы ЦіханоўскайАляксандра Кабанава.

«Я сяджу ў адзіночнай халоднай камеры, не ем, не пʼю. Распачаў галадоўку», – паспеў паведаміць Кабанаў на судзе.

«Затрымалі. Ёсць чалавек – трэба знайсці, за што. Выкалупалі відэастужку, дзе Кабанаў заклікаў карміць галубоў 7 траўня. І вакол гэтай стужкі пачалася справа», – тлумачыць берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

А вось так напярэдадні пад Пухавічамі затрымлівалі іншага берасцейца з каманды Ціханоўскай Сяргея Пятрухіна: дзясятак міліцыянтаў у цывільным на трох машынах забралі блогера пад «неадседжаны арышт». У судзе Светлагорскага раёну на 810 рублёў аштрафавалі праваабаронцу ПЦ «Вясна» Алену Маслюкову за экалагічную акцыю 31 траўня. Судзілі не на падставе пратаколу.

«Пакладзеныя скрыншоты з маёй старонкі ў Фэйсбуку, дзе я публікавала інфармацыю пра нашыя нядзельныя акцыі. Якім чынам гэтыя нядзельныя акцыі тычацца канкрэтна справы да плаката «Свабоду Сяргею Ціханоўскаму»? – абураецца Маслюкова.

Плакат, які разгарнуў светлагорскі актывіст Віктар Ахрамчук, суддзя Галіна Гулевіч палічыла доказам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Ахрамчука таксама аштрафавалі на 810 рублёў.

«Я чалавека падтрымаў. Выказаў салідарнасць. Затрымаюць мяне, пасадзяць – выйдзе другі, трэці чалавек, таксама мяне падтрымае. Трэба салідарнасць у грамадстве», – тлумачыць светлагорскі актывіст.

Пасля адбыцця арышту палітычна затрыманыя кажуць пра катаванні ў ізалятарах. Перадачы забаранілі, цёплыя рэчы забіраюць, камеры паліваюць хлёркай – нібыта дзеля дэзынфекцыі. Жонка палітыка Паўла Севярынца, які цяпер у сталічным ізалятары на Акрэсціна, разам з аднадумцамі падала скаргу ў пракуратуру і піша лісты ва ўсе арганізацыі, каб катаванні спынілі.

«Я вельмі спадзяюся, што людзі, якія займаюць кіруючыя пасады ў пракуратурах і адміністрацыях, хаця б што-небудзь на тэрыторыях, ім падведамственых, могуць зрабіць», – кажа Вольга Севярынец.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт звярнуліся да Вярхоўнага камісара правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў ды перадалі інфармацыю пра жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне з большасцю арыштаваных.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»