Дзясяткі тысячаў беларусаў падтрымалі маму, якую асудзілі за хатнія роды


Прызналі вінаватай у смерці праз неасцярожнасць. Суд Чыгуначнага раёну Віцебску агучыў вырак у рэзананснай справе аб гібелі дзіцяці пасля хатніх родаў. 31-гадовай Вользе Сцяпанавай прысудзілі шэсць месяцаў у калоніі-пасяленні, але змянілі пакаранне на падпіску аб нявыездзе пры належных паводзінах. Жанчына прысуду не каментуе і ці будзе яго абскарджваць, пакуль не ведае.

Трагічнае здарэнне адбылося сёлета ў лютым

Вольга прыехала да маці ў Віцебск з Санкт-Пецярбургу, дзе жыве з мужам і дачкой, каб нарадзіць дзіця ў Беларусі. Паводле парадзіхі, у яе адбыліся імклівыя роды. Абвінавачанне ж лічыць, што жанчына планавала нараджаць удома і не перадухіліла магчымых наступстваў. Медыкі з выкліканай хуткай і дактары ў шпіталі не змаглі выратаваць немаўля, якое захлынулася каляплоднымі водамі.

Судовы працэс узняў дыскусію на тэму хатніх родаў у Беларусі. Паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, смяротнасць немаўлят у беларускіх радзільнях – каля трох на тысячу, адна з найніжэйшых у Еўропе. Але паводле той жа статыстыкі, у Беларусі штогод 100–150 жанчын абіраюць роды па-за медычнымі ўстановамі. Чаму?

«Жанчыну абзываюць, могуць ударыць, жанчына можа выціраць анучкай воды што адышлі, нажаль гэта норма нашага жыцця і гэта далёка не ўсё з чым можа сутыкнуцца жанчына ў самы цудоўны для сябе дзень калі яна стала мамай», – тлумачыць псіхолаг Аксана Ільюшчэня.

У заканадаўстве пытанне хатніх родаў не ўрэгуляванае

З аднаго боку, абавязковае змяшчэнне ў радзільню парушае канстытуцыйнае права жанчыны на свабоду, але з іншага, адмовіўшыся ад шпіталізацыі, жанчына застаецца без дапамогі прафесійнага медыка, бо паводле заканадаўства гэта «незаконнае лекаванне».

Пакуль беларускія жанчыны легальна нарадзіць дзіця могуць толькі ў дзяржаўнай радзільні. Колькасць подпісаў пад петыцыяй з патрабаваннем апраўдаць Вольгу Сцяпанаву і прызнаць за жанчынамі права самім вызначаць, дзе і як нараджаць, набліжаецца ўжо да 35 тысячаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»