Дзясяткі целаў жывёлінаў гніюць на кароўніку дзяржпрадпрыемства «Крыўск»


У кароўніку на Гомельшчыне сапраўдны падзеж жывёлы. Целы выкідаюць проста на падворак. Парэшткі нават не спрабуюць прыхаваць. Нейкая новая эпідэмія ці простае бязладдзе кіраўніцтва сельскагаспадарчага прадпрыемства?

Вёска Гусявіца, Буда-Кашалёўскі раён, Гомельшчына. Парэшткі больш як дзясятка жывёлінаў гніюць наўпрост у кароўніку дзяржаўнага прадпрыемства «Крыўск». Дохлых цялятак знаходзім нават у сене, якім пазней будуць карміць пакуль яшчэ жывых кароваў. Што тут адбываецца, даведацца не атрымалася:

– Чаму цяляты гінуць?

– Не ведаю, я тут нядаўна працую!

– Дык адкуль яны ўзяліся?

– Падзёж.

Знаходзім як свежыя косткі, так і больш старыя. Гэта сведчыць, што падзёж жывёлы адбываецца сістэматычна.

«Здыхляціна ўвесь час! Праўда, раней былі адведзеныя месцы, а цяпер яны проста кідаюць тут. Ехаў нядаўна, а там парэшткі валяюцца», – кажа жыхар вёскі Гусявіца Пётр Кухарчык.

Відавочнае парушэнне санітарных нормаў, што прыводзіць да дзяржаўных стратаў у буйным памеры. Справа, што патрабуе правярання праваахоўных і кантрольных органаў.

«Я напісаў заяву ў міліцыю, бо такая сітуацыя трапляецца па ўсёй Гомельскай вобласці, дзе б я ні быў. Гэта і каровы, гэта і свінні – ніякія захады не прымаюцца. Я зрабіў тое, што мусіць рабіць законапаслухмяны грамадзянін: звярнуўся ў міліцыю, каб тыя разабраліся і знайшлі вінаватых», – каментуе Андрэй Толчын, журналіст-фрылансер.

Мы запыталі мясцовых жыхароў і высветлілі, што заняпад дзяржаўнай гаспадаркі пачаўся даўно. Падзеж быдла – гэта яго лагічны працяг:

«Гэта бязладдзе! Словаў не хапае! Поўнае бязладдзе!»

«Няма працы ні для каго. Уся моладзь з’ехала. Паглядзіце дамы: адзін, другі, трэці – адныя бабкі».

«Людзі паміраюць ды зʼязджаюць, бо няма ніякай перспектывы».

«Палі нядбайна прыбіраюцца ці не прыбіраюцца наагул. Цэлыя гектары парослыя бурʼянам».

Навошта чыноўнікам развіваць сельскую гаспадарку, калі можна проста адседзецца ў сваіх фатэлях? Заробак з бюджэту ўсё адно атрымаюць. Уладзімір Кацора, грамадскі дзеяч:

«Мы бачым, што чыноўнікі адказнасці грашыма не нясуць. У найлепшым выпадку іх пасадзяць на год-два ў турму, але пазней [яны] атрымліваюць іншую пасаду».

Дохлыя каровы ды агульны заняпад гаспадаркі. У чым жа прычына, мы паспрабавалі даведацца непасрэдна ў кіраўніцтва сельскагаспадарчага прадпрыемства «Крыўск». Аднак, як выявілася, справа гэта таксама безнадзейная.

Міхась Ільін, belsat.eu