Дзяржпрадпрыемства «Бярозатара» ліквідуюць. «Белсат» пашукаў вінаватых


На аднаго банкрута больш – на Берасцейшчыне. Абласны эканамічны суд забавязаў зліквідаваць дзяржаўнае прадпрыемства «Бярозатара». Завод праглынуў сотні мільёнаў долараў з бюджэту пад новы праект, але гэтак і не здолеў запусціць вытворчай лініі пакавання тэтрапакаў. Хто вінаваты, і што рабіць з заводам?

Мы будавалі, будавалі і нарэшце… зачынілі. Завод «Бярозатара» не змог прайсці крэдытнага аздараўлення і афіцыйна прызнаны памерлым. Да канца ліпеня наступнага года яго мусяць прадаць з усімі цэхамі. Актывы «Бярозатары», паводле суда, каштуюць 44 млн руб, з іх 25 млн руб пойдзе на выплаты крэдыторам.

«Гэта збудаванне, гэта электрыка, гэта сеткі, падведзеныя да заводу. Там можна нешта перарабіць завод на нешта іншае? А хто гэтым будзе займацца? Зноў дзяржава», – каментуе Валянцін Лазарэнкаў, экс-кандыдат у дэпутаты ў Бярозе ад БСДП «Грамада».

Бляха была асноўным матэрыялам Бярозаўскага заводу. З яе «Бярозатара» рабіла крышкі для шкляных слоікаў і дзіцячага харчавання. Пакуль у 2008 годзе кіраўнік Беларусі не ўхваліў праекту пераходу «Бярозатары» на стварэнне ўпакоўкі для вадкіх харчоў – тэтрапаку.

Каб малако і сокі пакавалі толькі ў беларускія пачкі, уласнік – Міністэрства сельскай гаспадаркі – узяў крэдыт у «Белаграпрамбанку» на 131 мільярд рублёў (да дэнамінацыі). Купілі італьянскую вытворчую лінію за € 21,2 млн, абяцалі выпускаць 500 млн тэтрапакаў за год. Аказалася, няма айчыннай сыравіны – адмысловага кардону, а замежная дарагая.

«У пагоні за імпартазамяшчэннем 95% таго, што ішло на выраб прадукцыі, трэба было імпартаваць, бо свайго не было. І гэта абсурд планавання дзяржаўнага», – падкрэслівае кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Як паказала праверка пракуратуры і Камітэту дзяржкантролю, «Бярозатара» загрузіла менш за 1 % тэтрапакавых магутнасцяў.

«Такіх Бярозатар – сотні, і яны ўміраюць, ліквідуюцца, а ніхто не плаціць за памылкі 1990-х гадоў. Прынцыповая памылка – блакаванне прыватызацыі, блакаванне перадачы гэтых актываў у прыватныя рукі беларусаў», – мяркуе Яраслаў Раманчук.

А хто пралічваў эфектыўнасць крэдыту «Белаграпрамбанку» для «Бярозатары»?

«Якраз той кіраўнік, які ўсім гэтым займаўся: і заводам свінцовым у Белаазёрску, і заводам «тэтрапак», ужо на павышэнні, і ўжо яго не цікавіць. Гэта старшыня Берасцейскага аблсавету спадар Наркевіч», – прыгадвае Валянцін Лазарэнкаў.

Юрый Наркевіч, які стаў кіраўніком Бярозаўскага райвыканкаму пасля працы ў «Белаграпрамбанку», у 2016-м перайшоў у кіраўніцтва Берасцейскай вобласці. Тады ж ён быў фігурантам рэпартажу «Белсату», калі ў Бярозе пабудавалі дом на 60 кватэраў, сацыяльнае жытло.

«У гэтым новым доме атрымаў кватэру нашага Наркевіча сын. Гэта ж якое трэба мець нахабства, каб ніякіх законаў не баяцца, не сумлення людскога», – распавядала ў 2016-м Аксана Якушык, жыхарка Бярозы, якая страціла прыватны дом з прычыны гэтай забудовы.

«Гэты чалавек – Дзяніс Наркевіч – мае рэгістрацыю ў Берасці, у берасцейскай кватэры. І як ён атрымаў кватэру тут, як той, хто мае патрэбу ў жытле, я не разумею», – абураўся Мікіта Якушык, муж Аксаны.

Цяпер Юрый Наркевіч узначальвае абласны Савет дэпутатаў, працуе ў галоўным будынку ў цэнтры Берасця. Мае медаль «За працоўныя заслугі».

Яраслаў Сцешык, belsat.eu