Дзяржкантроль завёў 13 крымінальных справаў пасля правярання на стратных цэментавых заводах


Чарговы скандал у цэментнай прамысловасці Беларусі. У мадэрнізацыю трох заводаў быў укладзены больш як мільярд долараў, а яны надалей застаюцца стратнымі. Адна з прычын – сумнеўныя схемы пры закупах сыравіны і продажу прадукцыі. На сітуацыю нарэшце адрэагаваў дзяржкантроль.

Ажно 13 крымінальных справаў завёў Камітэт дзяржкантролю па выніках правярання на трох заводах холдынгу «Беларуская цэментавая кампанія». Выявілі факты нерацыянальнага выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў. Часта неабгрунтавана для закупу сыравіны і продажу гатовай прадукцыі выкарыстоўваліся шматлікія фірмы-пасярэднікі, лічаць у КДК.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Пры кожным дзяржаўным заводзе існуе мноства такіх фірмаў-прыліпалаў, чыя роля – высмоктваць рэсурсы з гэтага заводу. Гэта набліжаныя або да кіраўніцтва, або да міністэрства, або яшчэ вышэй пастаўшчыкі, якія пастаўляюць матэрыялы задорага. Або пасярэднікі, якія набываюць прадукцыю танна, а прадаюць за рынкавы кошт. А плоцяць за ўсё гэта падаткаплатнікі».

Гэтая сітуацыя абурыла нават кіраўніка краіны, які сёння падчас прызначэння дырэктараў «Гомельшкла» і «Планару» загадаў, цытата, «гэтых шарлатанаў, жулікаў, на парог не пускаць», маючы на ўвазе фірмы-пасярэднікі.

Яраслаў Раманчук, кіраўнік цэнтру Мізэса:

«Калі палічыць тыя грошы, якія былі ўбуханыя ў розныя мадэрнізацыйныя праграмы, то гэта будзе амаль 80 мільярдаў долараў. Бо мільярд у гэтыя цэментавыя тры прадпрыемствы сведчыць пра тое, што ў нас абсалютна няма сістэмы дзяржаўнага кантролю, абсалютна нізкая якасць бізнес-планаў».

У 2012-2013 гадах пры падтрыманні кітайскага капіталу на заводах «Беларускай цэментавай кампаніі» былі зрэалізаваны буйныя інвестыцыйныя праекты, якія дазволілі ўвесці ў строй сучасныя лініі для вытворчасці цэменту гадавой магутнасцю амаль 5,5 млн тонаў. Аднак планаванага зніжэння выдаткаў на вытворчасць цэменту не адбылося.

«Нармальны выхад прапанавалі, напрыклад, ірландцы. Добра, мы купім адное з цэментавых прадпрыемстваў, зробім там бізнес, будзем прадаваць цэмент, будзем плаціць грошы ў бюджэт, будзем ствараць месцы працы, будзем нармалёвай камерцыйнае дзейнасцю займацца. Беларускі ўрад што сказаў? Не, мы самі зробім!» – распавядае Яраслаў Раманчук, кіраўнік цэнтру Мізэса.

На меркаванне адмыслоўцаў, чыноўнікі могуць быць наўпрост зацікаўленыя ў рэалізацыі дарагіх мадэрнізацыйных праектаў на дзяржаўных прадпрыемствах замест іх перадачы ў прыватную ўласнасць. І тут задзейнічаны не толькі палітычны чыннік.

«Ходзяць чуткі, мы яшчэ не змаглі гэтага ніяк даказаць, пра істотную карумпаванасць у гэтых падрадаў. Кітай – гэта адная з самых карумпаваных краінаў у свеце. Яны добра ўмеюць даваць хабар за тое, каб б/у прынялі як новае, каб не заўважалі дэфектаў і гэтак далей. Зэканомленыя грошы дзеляцца паміж кітайскім бокам і тутэйшымі чыноўнікамі», – гаворыць Станіслаў Івашкевіч.

Паводле шматлікіх расследаванняў «Белсату», пакуль толькі адзінкавыя беларуска-кітайскія праекты ў айчыннай прамысловасці могуць пахваліцца поспехам.

Атрымліваецца ўжо класічная сітуацыя – велізарныя грошы выдаткаваныя на мадэрнізацыю заводаў, а яны і надалей генеруюць агромністыя страты. Ну і які тады будзе падмурак у айчыннай эканомікі, калі цэментавая прамысловасць – прыклад неэфектыўнасці ды правалаў у кіраванні?

Зміцер Міцкевіч belsat.eu