Дзяржава запатрабавала ў прыбытковых прадпрыемстваў дзяліцца грашыма


Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд да канца года атрымае 92 мільёны рублёў. Такую суму грошай павінныя пералічыць 17 высокарэнтабельных прадпрыемстваў краіны.

Найбольш аддасць «Беларуськалій» – 46 мільёнаў 273 тысячы рублёў, БелАЗ – 32 мільёны і 250 тысячаў, «Белаэранавігацыя» – 5 мільёнаў 788 тысячаў.

Свае прыбыткі прадпрыемствы, якія маглі б гэтыя грошы выдаткаваць на мадэрнізацыю, зніжэнне сабекошту вытворчасці або на прэміі працаўнікам, мусяць пералічыць да канца бягучага года.

Глядзіце ў поўным выданні «Аб’ектыву»:

«Гэтая практыка стварае адмоўныя эканамічныя сігналы. То бок прадпрыемствам становіцца нявыгадна працаваць эфектыўна, бо ў выніку з мінімальнымі высілкамі яны застануцца з тым жа самым вынікам», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд паўстаў у 2005 годзе. Але і раней існавала практыка пералічвання прыбыткаў на карысць дзяржавы з боку прадпрыемстваў, што не зусім справядліва, лічаць жыхары Берасця:

«Грошы павінны заставацца на прадпрыемстве, а не дзяліцца з дзяржавай».

«Я думаю? Што гэта не зусім чэсна. Што значыць падзяліцца? Есць жа нейкія законы. Атрымліваецца, усе павінны дзяліцца, а не толькі 17».

«Я разумею, што ёсць падаткі, ёсць іншыя плацяжы, а проста забраць».

«Так проста нельга забіраць, яны ж плоцяць падаткі».

Афіцыйна адзначаецца, што грошы з дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду пойдуць на самыя значныя сацыяльныя аб’екты і праграмы. А на якія – тут, як адзначаецца ў бюджэце краіны, вызначыць і зацвердзіць кіраўнік краіны.

«Бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця прызначаўся для выканання стратэгічных дзяржаўных праграмаў. Але фармулёўка надзвычай шырокая, таму гэтыя сродкі могуць быць выкарыстаныя на што заўгодна і нават у тым ліку на патрэбы, звязаныя з выбарамі ці подкупам выбарцаў», – распавёў эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

У бюджэце 2019 года прыбыткі мэтавага бюджэтнага фонду запланаваныя на ўзроўні 80 мільёнаў рублёў, але ў выніку яго ўдалося перавыканаць ажно на 12 мільёнаў рублёў. Даведацца з афіцыйных дакументаў, куды накіраваў гэтыя сродкі Аляксандр Лукашэнка, немагчыма.

Сяргей Скулавец belsat.eu