Дзяржава скалечыла, а потым скрала дапамогу


10-га жніўня жыццё шматдзетнай сям’і з Пружанаў Анатоля і Юліі Сахарук перакулілася з ног на галаву. Анатоля затрымаў АМАП, ад стрэсу ў Юліі здарыўся інсульт.

«Я сам сваімі рукамі рамантаваў гэты аўтазак, а праз два тыдні мяне затрымалі ды зацягнулі ў яго», – кажа Анатоль Сахарук.

Трагедыя пружанскай сям’і Сахарук здарылася 10-га жніўня. Анатоль разам з жонкай ішоў у кавярню святкаваць сваё трыццаціпяцігоддзе.

«За намі, чуем, спыніўся аўтобус з АМАПам. Выбег АМАП, пачалі крычаць: «Усім стаяць! Страляць будзем!» Мы спыніліся. Старэйшы, які там бег Дзмітрый Фамянюк, ён бег, прабягае міма нас і крычыць на сваіх амапаўцаў: «Грузім гэтага хахла ў аўтазак», – Анатоль Сахарук прыгадвае, як гэта было.

Анатоль і Юля ішлі па ходніках, трымаючыся за рукі. Да кавярні было недалёка.

«Падбег Хунда Аляксандр, у ахове працуе, падбег, ударыў мне па левай руцэ, а жонцы па правай, мы трымаліся за рукі. І пачалі ўдвух мяне круціць і весці ў аўтазак. Я не супраціўляўся», – кажа Анатоль Сахарук.

Момант затрымання Сахарука і эмацыйны стрэс ягонай жонкі Юліі бачыла жанчына, якая жыве ў доме насупраць таго месца, дзе здарылася трагедыя.

«Выглянула ў вакно і ўбачыла, што мужа Юлі Сахарук вядуць пад рукі ў аўтазак адразу. Юля бегла следам і прасіла: «Адпусціце», – распавядае Жанна Андрэева.

Хвілінаў праз пятнаццаць Сахарука выпусцілі з аўтазаку. Пасля моцнага стрэсу Юлі стала дрэнна, а ўвечары наступнага дня яна страціла прытомнасць. Дактары патлумачылі, што на фоне моцнага стрэсу ў Юліі Сахарук здарыўся інсульт.

Даведка
Цяпер дапамагчы сям’і можна, пералічыўшы грошы на картку «Балаграпрамбанку»:

5323 0800 4272 7884

04/21

YULIYA SAKHARUK

Амаль месяц яна праляжала ў рэанімацыі. Да гэтага часу інваліднасці ёй не прызначылі. Анатоль Сахарук праз хваробу жонкі не мае магчымасці працаваць, бо трэба даглядаць яе і чацвёра дзяцей.

«Паводле факту гэтага незаконнага затрымання мы напісалі калектыўны зварот у Пружанскі райвыканкам, апісалі гэтую сітуацыю, у Пружанскі РАУС, дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандру Леўчуку. На ўсе гэтыя звароты мы атрымалі сапраўдныя адпіскі», – кажа Ганна Баран, грамадская актывістка, юрыст.

У «Беларусбанку» для лячэння Юліі Сахарук адкрылі дабрачынны рахунак. Жыхары Пружанаў і ўсе, хто спачувае гэтай сям’і, пералічвалі грошы. Але скарыстацца імі сям’я не змагла.

«Грашовых сродкаў зняць я не магу, ні для лячэння, ні для пакупак. Следчы камітэт заблакаваў наш рахунак», – кажа Анатоль Сахарук.

Ніякіх тлумачэнняў ні ад «Беларусбанку», ні ад Галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарату Следчага камітэту Беларусі аб прычынах арышту рахунку сям’я Сахарукоў не атрымала, як не атрымала і папярэджання, што рахунак будзе заблакаваны.

«Казаць аб тым, што ёсць нейкія законныя падставы для блакавання дабрачыннага рахунку, – няма тут гэтых падставаў», – лічыць Ганна Баран, грамадская актывістка, юрыст.

Няма і ўцямнага адказу з боку міліцыі наконт самога інцыдэнту 10-га жніўня. На пытанні журналістаў міліцыянты кажуць, што ў гэты дзень ні Анатоля Сахарука, ні ягонай жонкі не затрымлівалі. Усё ж астатняе – без каментара.

Алёна Шабуня, Зміцер Лупач, «Белсат»