«Дзяржава сацыяльная, але з грамадзянамі – жорстка». У сіраты забіраюць кватэру


«Малады, здаровы, шукаю працу», – распачынае сваю гісторыю 20-цігадовы жыхар Рэчыцы, сірата Сяргей Данчанка.

Яму было 5 гадоў, калі бацькоў пазбавілі правоў на сына, таму выхоўваўся ў інтэрнаце.

«Мне 20 гадоў, я адвучыўся на токара, па спецыяльнасці на працу не ўладкавацца, у Рэчыцы ў прынцыпе токары не патрэбныя. Працую падсобнікам, у кагосьці пазычыць грошы, ніяк, на Расею не паехаць, бо няма да каго ехаць, а калі ехаць да незнаёмых, зноўку «кінуць», – кажа Данчанка.

За апошнія 8 гадоў 45 % інтэрнатаў для сіротаў у краіне былі закрытыя, а самых сіротаў зменшылася на 60 тысяч. Але за лічбамі, вельмі часта, не бачныя рэальныя лёсы тых, каго дзяржава не заўважае.

Пасля інтэрнату Сяргей паспеў адседзець 1 год і 2 месяцы за рабаванне шапікаў. Працаваў у Расеі, дзе грошай не заплацілі. За ўвесь гэты час збіраўся доўг за камунальныя плацяжы ў кватэры, якая дасталася Сяргею ад маці. Але напрыканцы лістапада завочна вынеслі пастанову пра высяленне Сяргея без надання іншай нерухомасці.

«На сённяшні дзень у яго пазыка 1021 рубель і 3 капейкі. Гэта толькі пазыка – пеня складае 675,70 руб. У нас было два суды, апошні 23 лістапада, ён не прыйшоў ні разу. 22 лістапада я ў гэтай кватэры была сама, мы з бухгалтарам папярэдзілі Сяргея, што ў нас другі суд 23-га, і 23-га вынесеная пастанова аб высяленні яго з гэтага жыллёвага памяшкання», – кажа юрыстка разліковага цэнтру Рэчыцкага КУП Алена Шчэрбак.

На пытанне, што рабіць у гэтай сітуацыі пасля высялення, рэчыцкія камунальнікі кажуць: можна стаць у чаргу на атрыманне жытла ад мясцовага выканкаму. Колькі гадоў стаяць у чарзе і дзе жыць, пакуль дзяржава будзе думаць, ці заслугоўвае сірата новае жытло? На гэтае пытанне камунальнікі не адказваюць, а запытваюць у адказ, ці яны самыя мусяць аплочваць пазыкі Данчанкі. У выніку дзяржава падштурхоўвае маладзёна ў турму, адзначае Сяргей.

«Для мяне, як для сіраты, мне няма каму дапамагчы, і калі я не знайду працу, толькі ісці красці, у турму, і так па колу, сядзець усё жыццё, – кажа Данчанка. – Вядома я так не хачу, але даводзіцца».

У гэтай сітуацыі камунальнікі дзеюць паводле літары закону, кажа мясцовы праваабаронца Леанід Судаленка.

«Дзяржава ў нас хоць і сацыяльная, але на практыцы, як мы бачым, у сферы жыллёвых адносінаў, дзяржава паступае з грамадзянамі жорстка», – кажа праваабаронца Леанід Судаленка.

Праваабаронца дадае, што паводле закону высяляць з кватэры не могуць у зімовы перыяд, з 15-га кастрычніка да 15-га красавіка. Менш за паўгода Сяргей можа яшчэ законна жыць у сябе, а ўжо ўвесну з рэчамі наўпрост апынуцца на вуліцы. Але камунальнікі пастанавілі не чакаць і ўчора на кватэру Сяргея павесілі замок. Пасля працы ён нават не змог увайсці ў кватэру.

Аркадзь Несцярэнка