Дзяржава патаемна расстраляла дваіх


У Беларусі выкананыя чарговыя два смяротныя пакаранні. Гэта здарылася два тыдні таму. А інфармацыя ўсплыла выпадкова. І стаіць пытанне не толькі гуманнасці, але магчымых судовых памылак. Іх кошт – чалавечае жыццё.

У справе тэракту ў менскім метро ў 2011-м было мноства пытанняў, але абвінавачаных Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва расстралялі.

«У нас часта судовыя выракі выносяць толькі на здагадках і меркаваннях суда. Доказнае базы як такой не існуе. У нас кажуць, што ўсё шытае белымі ніткамі», – кажа маці расстралянага Любоў Кавалёва.

А смяротныя прысуды працягваюць выносіць і выконваць. Гэтак, у перыяд з 2012-га да 2017-га года на расстрэл у нашай краіне асудзілі 14 чалавек. Варта падкрэсліць, што ў 2012 і 2014 гадах гэткіх выракаў не выносілі.

Паводле апошніх звестак, выканання смяротнага пакарання ў Беларусі чакаюць чатыры асобы. Сярод іх Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка, якія сёння спрабавалі абскардзіць вырак у Вярхоўным судзе.

«Я сядзеў у камеры смяротнікаў, у якіх прысуд ужо ўступіў у моц. З 15 на 16 траўня забралі з камеры Міхаленю і Лётава», – распавёў асуджаны да расстрэлу Вячаслаў Сухарка.

Абодва гэтыя выракі былі вынесеныя за забойствы.

«Беларускія ўлады, беларуская дзяржава працягвае выконваць смяротныя пакаранні, працягвае расстрэльваць людзей. І робіць гэта патаемна, не даючы ніякае інфармацыі грамадству. Толькі вось, дзякуючы таму, што пра гэта сказаў Слава Сухарка, мы даведаліся пра выкананне гэтых прысудаў», – дадае праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Беларусь гэткая адзіная краіна ў Еўропе. Яшчэ ў 96-ым годзе супраць адмены смяротнага пакарання прагаласавалі 80,44 % беларусаў.

Пад смяротнае пакаранне паводле Крымінальнага кодэксу падпадаюць 14 злачынстваў. Напрыклад, за развязанне і вядзенне агрэсіўнае вайны, усялякія віды тэрарызму, генацыд, забойствы, дыверсіі, нават здраду дзяржаве ў спалучэнні з забойствам, злачынствы супраць бяспекі, забойства міліцыянта ды іншае.

Але ў ніводнай з санкцыяў смяротнае пакаранне не выступае ў якасці адзінага магчымага. Хоць магчымыя – памылкі. Іх кошт – чалавечае жыццё.

«Робіцца вялікім сорамам і здзіўленнем, што адзіная краіна ў Еўропе, якая доўга так трымаецца выканання смяротнага пакарання, застаецца Беларусь. Гэта супярэчыць міжнародным абавязкам краіны аб тым, што гарантуецца права на жыццё, і ў той жа час гэтае права дзяржава сама забірае ў грамадзянаў», – кажа доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў.

Не падпадаюць пад смяротнае пакаранне жанчыны, няпоўнагадовыя і каму споўнілася шэсцьдзесят пяць. Вярхоўны суд можа адмяніць вырак, а прэзідэнт памілаваць. Але гэтага не здараецца.

«Пра ўсё, што адбываецца з тымі, хто сядзіць у гэты момант па расстрэльных выраках, трэба казаць адкрыта. Бо ў нас настолькі закрыта завесаю сакрэтнасці, што інфармацыі людзі не маюць – пра тое, што адбываецца насамрэч у судзе», – дадае Любоў Кавалёва.

Дзяржава гуляе ў дыялог з Еўропаю – але толькі на словах.

«Прыйшоў час для палітычнага рашэння, якое можа прыняць ці парламент, ці асабіста прэзідэнт, не робячы ніякіх дадатковых захадаў, не праводзячы ніякіх дадатковых рэферэндумаў, а проста прыняць палітычнае рашэнне. Але для гэтага патрэбная палітычная мужнасць. Але такое адчуванне, што ў беларускіх уладаў гэтае мужнасці няма, яны проста баязліўцы», – кажа Алесь Бяляцкі.

Вырак Вярхоўнага суда па сённяшніх касацыях ужо заўтра.

Сяргей Падсасонны