«Дзяржава дысцыплінуе бізнесменаў»: Аляксандр Кныровіч атрымаў 6 гадоў калоніі

Шэсць гадоў узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такі вырак суд Фрунзенскага раёну Менску агучыў у справе бізнесоўца Аляксандра Кныровіча. Яго абвінавацілі ў даванні хабару, «адкатах», якія нібыта падвышалі кошт камунальных паслуг для беларусаў, ды ўхіленні ад сплаты падаткаў. Асуджаны бізнесовец, які 17 месяцаў правёў у турме КДБ, сваёй віны не прызнае.

Вядомы беларускі бізнесовец, дырэктар «СарматТэрма-Інжынірынгу» Аляксандр Кныровіч атрымаў 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць дырэктарскія пасады тэрмінам на 5 гадоў. Спадзявацца на нейкае іншае рашэнне суда было наіўна. Аляксандр Лукашэнка яшчэ да судовага паседжання разабраўся ў справе і агучыў, якога прысуду чакае.

А таму і каментаваць вырак суда з прысутых ніхто не хацеў. Прыйшлося звяртацца да экспертаў.

«Калі гаворка ідзе пра нейкага чыноўніка, то яму даюць 8 гадоў, яго хутка выпускаюць і ён ідзе кіраваць нейкім калгасам. А калі гаворка пра нейкага прадпрымальніка то яго судзяць, даюць 6 гадоў. Гэта здзек над прадпрымальніцтвам у нашай краіне», – мяркуе Яраслаў Раманчук, прэзідэнт навукова-даследчага Цэнтру Мізеса.

Тэрміны атрымалі і іншыя фігуранты справы: намеснік дырэктара фірмы Ігар Максімаў – 4 гады з канфіскацыяй, вядучы эканаміст Андрэй Кускоў – 3 гады турмы і забарону на прадпрымальніцкую дзейнасць на 5 год, намеснік дырэктара па продажах Еяўгеній Папоўскі – 4 гады калоніі. Дадаткова асуджаныя мусяць пагасіць нанесеную дзяржаве страту ў памеры 2 мільёны 765 тысячаў рублёў. Далі па-максімуму, колькі і прасіў пракурор. Але пытанні засталіся

«Той вобраз, які летась у студзені, падчас затрымання Кныровіча, намалявала КДБ не адпавядае таму, што я пачуў на судзе. Ёсць заўважныя супрацьлегласці. Гэта вельмі асобная тэма, грувасткая, якая тычыцца эканомікі і ўвогуле вядзення бізнесу ў Беларусі», – распавядае крымінальны аглядальнік «БелГазеты».

Вось адзін з ключовых эпізодаў, дзе Кныровіча вінавацяць у фіктыўных пастаўках у Расею. На руках следчых больш за тысяча накладных на транспартныя перавозкі, у якіх фігуруе больш за 800 патэнцыйных сведкаў – кіроўцаў фураў. Следчы сведчыць на судзе, што апытаў толькі чатырох з іх, астатніх не знайшоў, ды і часу не хапіла. Аднаго з дзвухсот! Параўнайце са справай супраць кіраўнікоў прафсаюзу РЭП, дзе следства не паленавалася выклікаць і дапытаць 800 сведкаў. І гэта толькі адзін з прыкладаў, якіх бы хапіла на асобнае кіно.

«Гэта вельмі распаўсюджаная практыка ў дачыненні да сярэдняга і буйнога бізнесу. Такім чынам дзяржава прыцягвае грошы ў бюджэт і адначасова дысцыплінуе бізнесменаў, прымушае іх працаваць на сваіх умовах», – тлумачыць Алесь Папко, аўтар дысертацыі «Нефармальныя бар’еры для бізнесу ў Беларусі».

Віктар Пракапеня, Юрый Чыж, Віталій Арбузаў, Яўгеній Баскін, Уладзімір Япрынцаў, браты Гільманы – малая частка спісу прапушчаных апошнімі гадамі праз судовы канвеер бізнесоўцаў. Такая кольксаць вінаватых насоўвае пытанне: а можа справа зусім не ў тым, што падчас судовага працэсу можна давесці вінаватасць любога з айчыных прадпрымальнікаў, а ў самой сістэме? У якой невінаватых прадпрымальнікаў проста не бывае.

Ігар Кулей, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама