Дзяржаўныя медыі рыхтуюцца да выбараў 2020


«Выбары як палітычная кампанія ў дзяржаўных медыях адсутнічалі», – такую выснову зрабілі незалежныя эксперты ў выніку двухмесячнага назірання за асвятленнем выбараў у Палату прадстаўнікоў. Перашкоды кандыдатам у дэпутаты і ціск на незалежных журналістаў – асаблівасці гэтага года.

Праца выбарчых камісіяў, праўладныя кандыдаты і датэрміновае галасаванне – як і штогод былі ў цэнтры ўвагі дзяржаўных медыяў толькі на апошніх этапах выбарчай кампаніі. Аднак сёлета да спісу дадаліся незалежныя назіральнікі.

«Абсалютна характэрнай асаблівасцю была дастаткова заўважная атака супраць беларускіх назіральнікаў, пра якіх казалі, што яны паводзіліся неадэкватна. Маўляў, што яны тэрарызавалі дзяўчыну, якая прыйшла датэрмінова галасаваць», – кажа кіраўнік групы маніторынгу БАЖ Алесь Анціпенка.

Апроч назіральнікаў, ціск з боку дзяржаўных медыяў зведалі незалежныя кандыдаты ў дэпутаты: гэтак, дзяржаўныя радыё і тэлебачанне, а таксама друкаваныя выданні здымалі з эфіру і газетных палос іхныя выступы. Дасталася таксама і незалежным журналістам.

«Асабліва варта прыгадаць выпадак у Магілёве, які быў «падняты на сцяг» дзяржаўнымі медыямі. Мы адназначна расцэньваем гэты выпадак як прафесійную працу журналістаў, якія прышлі на адкрытую сустрэчу з кандыдатам у дэпутаты, а кіраўнікі камісіі забаранілі ім прысутнічаць», – удакладніў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Больш узважанай і адпаведнай класічным узорам міжнародных журналісцкіх стандартаў эксперты БАЖ называюць падачу тэмы выбараў у незалежных медыях. Сярод іншага, дэбаты кандыдатаў у дэпутаты ад розных палітычных сілаў. Эксперты кажуць, што выбары ў Палату прадстаўнікоў для ўладаў і дзяржаўных медыяў былі падрыхтоўчым этапам да будучых прэзідэнцкіх выбараў.

«Дзяржаўныя медыі ўдзельнічаюць у тым, каб стрымліваць электаральную актыўнасць. Гэта зусім не выпадкова, калі яны не звяртаюць увагу на галоўных удзельнікаў, калі не распавядаюць пра рэальную палітычную сітуацыю ў краіне», – распавёў кіраўнік групы маніторынгу БАЖ Алесь Анціпенка.

Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе назвала выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Беларусі не адпаведнымі міжнародным дэмакратычным стандартам. Аднак пра высновы ўплывовай міжнароднай арганізацыі дзяржаўныя медыі шырокай грамадскасці не паведамілі.

Галіна Абакунчык belsat.eu