Дзяржаўным медыям далі каманду «фас» на недармаедаў?


Беларуская прапаганда супраць пратэстоўцаў. Дзяржаўныя медыі працягваюць дыскрэдытаваць удзельнікаў маршаў нязгоды. Дзяржаўнае тэлебачанне прэзентавала гледачам матэрыял, паводле якога ў затрыманых 15-га сакавіка анархістаў знайшлі нажы і кастэты. Усё гэта можна было пабачыць на экране. Аднак новая медыйная вайна супраць нязгодных выклікае сурʼёзныя пытанні.

«Каб не мелі магчымасці нанесці шкоду звычайным грамадзянам»

Відэа брутальнага затрымання маладзёнаў у менскім тралейбусе пасля Маршу недармаедаў імгненна аббегла ўсю краіну ды выклікала рэакцыю за яе межамі. Са словаў відавочцаў, міліцыянты ў цывільным збівалі, цягнулі за валасы, распылілі слезацечны газ. Ахвярамі ґвалту сталі не толькі ўдзельнікі акцыі, але і звычайныя пасажыры. Цяпер дзеянні сваіх падначаленых каментуе кіраўніцтва.

«У дадзенай сітуацыі працаўнікі МУС працавалі такім чынам, каб правапарушальнікі, якія былі ў тралейбусе, не мелі фізічнай магчымасці нанесці шкоду звычайным грамадзянам», – падкрэсліў пазіцыю беларускай міліцыі Іван Кубракоў, намеснік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму.

Забароненыя рэчы знайшлі, але не скажам у каго!

Словы намесніка кіраўніка менскай міліцыі, якія прагучалі на ОНТ, выклікаюць як мінімум здзіўленне ў сведкаў брутальнага хапуна. Аднак яшчэ большаю нечаканасцю стаў матэрыял, які папярэднічаў размове ў студыі.

Цяпер міліцыя цвердзіць, што ў затрыманых знайшлі забароненыя рэчы. Адметна, што пра знаходкі кажуць праз некалькі дзён пасля затрымання, не назваўшы людзей, не распачаўшы крымінальнай справы.

«Ні імёнаў, ні справы няма. Гэтыя нажы і кастэты хутчэй з прыватнай калекцыі Кісяля ці некага з міліцыянтаў. Слабасць гэтага ў тым, што так можна толькі нейкі час хлусіць усім«, – мяркуе метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

Паводле дзяржаўных медыяў, падчас пратэстаў пацярпелі міліцыянты!

Дзяржаўныя медыі актыўна распаўсюджваюць і іншую інфармацыю, у якой у якасці пацярпелых фігуруюць працаўнікі МУСу. Паводле кіраўніцтва сілавікоў, удзельнікі акцыі пратэсту ў Менску збілі міліцыянта. Пра выпадковасць казаць не даводзіцца.

Пабітыя міліцыянты – прапаганда паўтараецца

Акурат 11 гадоў таму, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006-га году ў Беларусі, пачаліся шматтысячныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў. Пасля разгону намётавага лагеру ў Менску, дзяржаўнае тэлебачанне выпусціла матэрыял, які меўся скампраметаваць удзельнікаў пратэстаў. Паказвалі знявечаных міліцыянтаў, знявечаных агрэсіўнымі пратэстоўцамі/

Іншая Плошча была, праз чатыры гады. Машына дзяржаўнай прапаганды ізноў запрацавала напоўніцу. Праўладныя медыі палохалі людзей збройным пераваротам у 2010-м.

Як і цяпер, на экранах з’явіліся кастэты, нажы, зброя і арматура. Паведамлялася пра выманне партыяў небяспечных рэчаў на мяжы. У адным з менскіх гаражоў спецслужбы нібыта знайшлі зброю.

«Абсалютна ўсё аднолькава, пачынаючы ад сцэнарнага замыслу да выканання. У аснове заўсёды адсутнасць канкрэтнага факту», – тлумачыць бяздоказнасць прапагандыстаў кінадакументаліст Леанід Міндлін.

У напружанай палітычнай ды эканамічнай сітуацыі дзяржаўныя медыі расказваюць пра падзеі, якія людзі меліся б успрыняць як небяспеку і правакацыю. Сёння апублікавалі відэаматэрыял прарыву ў Беларусь з Украіны таямнічага аўтамабіля. Паводле памежнікаў, яны затрымалі траіх асобаў і сканфіскавалі рэчы, падобныя да зброі ды выбуховак. Украінскі бок не пацвердзіў праезду праз сваю мяжу невядомага аўта.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum