Дзякуй за мову, ваду і асвятленне пратэстаў недармаедаў. За што жыхары Гарадзеншчыны любяць «Белсат»


Кажуць, што самае складанае ў тэлебачанні – першыя дзесяць гадоў. А калі чуеш вашыя словы падзякі ды віншаванні, то разумееш: энергіі і запалу ў нас дастаткова на дзесяцігоддзі. І створым разам яшчэ больш. Уявіце, што нашых выданняў «Аб’ектыву» было добрых пару тысячаў. І ў кожным не адная гісторыя людзей з розных куткоў Беларусі. Мы дзякуем вам за давер. А вы – за нашую працу.

59 штрафаў толькі сёлета атрымалі журналісты «Белсату» за тое, што выконвалі свае прафесійныя абавязкі. Але высілкі ня марныя, за што тэлеканалу не перастаюць дзякаваць гледачы і тыя, для каго незалежныя медыі бадай адзіная магчымасць данесці да суайчыннікаў альтэрнатыўную інфармацыю ды іншае бачанне краіны.

«У сітуацыі, калі інфармацыйная прастора цалкам блакаваная, любое выйсце да людзей і сказаць свае слова вельмі важнае. Безумоўна, гэта асноўнае за што трэба дзякаваць Белсату», – кажа кіраўнік партыі БНФ у Горадні Вадзі Саранчукоў.

Сёлета мы праводзілі стрымы з усёй Беларусі. «Белсат» там, дзе людзей ня хочуць чуць чыноўнікі. Мы там, дзе ўлада застаецца абыякавай да патрэбаў і меркаванняў людзей.

«Калі казаць пра працу тэлеканалу «Белсат» у гэтым годзе, то хочацца ўзгадаць кампанію супраць так званага дармаедства. Выключная роля ў гэтым была менавіта тэлеканалу «Белсат», – кажа сябра Руху «За Свабоду» Эдвард Дмухоўскі.

Усцяж «Белсат» застаецца адзіным з замежных медыяў, які працуе ў краіне без акрэдытацыі. Але гэта не перашкаджае нам прыходзіць туды, дзе патрэбная нашая праца.

«Асабіста спадабаліся тыя матэрыялы, якія былі ў падтрыманне нашых кампаніяў, у падтрыманне прадпрымальнікаў, таксістаў, кампанія па правядзенне вады ў былую вёску Солы», – гаворыць грамадскі актывіст Сяржук Верамеенка.

«Белсат» ня толькі ў віры грамадскіх кампаніяў і палітычнага жыцця краіны, але і на варце беларушчыны. Нам заўсёды дастаўляе радасць асвятляць пачынанні беларусаў, калі яны скіраваныя на развіццё нашай культуры, гісторыі, мовы. Як і ў выпадку гарадзенскай прасторы і этна-крамы «Цудоўня», якая гандлюе традыцыйнымі рамесніцкімі вырабамі і ладзіць беларускія імпрэзы.

«Я хачу падзякаваць «Белсату» за ашчаднае стаўленне да беларускай мовы. І за пастаянную працу над удасканаленнем мовы сваіх журналістаў і дапамогу ва ўдасканаленні мовы іншым карыстальнікам», – кажа гаспадыня прасторы «Цудоўня» Надзея Несцяроіч-Вішнеўская.

Нам дзесяць гадоў. І гэта толькі пачатак. Таму дзякуем, вам, што застаяцеся з «Белсатам».

Наста Ільіна, «Белсат»