«Дзякуй прэзідэнту». Падарункі ад дзяржавы на 2019 год


Дзяржава таксама рыхтуецца сустракаць Новы год ды рыхтуе сюрпрызы для сваіх грамадзянаў. Вольга Чайчыц высвятляла, чаго чакаць беларусам з 1-га студзеня.

Усё гэта падарункі, якія падрыхтавала для нас дзяржава на Новы год. Давайце зазірнем, што ж там унутры. Пачнем з рэчаў прыемных – 330 рублёў, гэта наш новы мінімальны заробак. З першага дня 2019-га ён вырасце – раней было 305 рублёў.

«Зразумела, калі падвысіцца заробак, то і кошты».

«Але гэта мінімальны».

«Я разумею, моцна лягчэй не будзе ад гэтага».

«Па-мойму, з кожным днём усё горш і горш у нас» – дзеляцца жыхары Менску.

А тут што такое цяжкое?! Жыроўка. Адчувальна пацяжэла. Гарачая вада ў 5 разоў даражэйшая, але гэта падарунак тым, каго запісалі ў дармаеды. Пры гэтым плаціць болей будуць толькі самотныя беспрацоўныя. Калі плацельшчык камунальных паслугаў працуе або на пенсіі і з ім пражывае гэтак званы дармаед – жыроўкі застануцца без такіх зменаў.

Не забыліся і пра тых грамадзянаў, якія змаглі знайсці працу ў Беларусі. Абяцаюць падняць кошт за камуналку не больш чым на 5 долараў для двухпакаёвай кватэры. Вырастуць тарыфы на газ, электрычнасць, ваду, каналізацыю, капітальны рамонт, прыбіранне ў доме.

«Не, не. Тым больш гэтыя ліміты з вадой. Ніяк не ўкладаемся. У нас 4 чалавекі. Мы настолькі пераплачваем. Як яны так лічаць?»

«Дзякуй прэзідэнту», – дадаюць жыхары Менску.

А гэта для тых, хто ездзіў «на закупы» за мяжу. З Новага года без мытаў наземным транспартам нельга будзе правозіць тавараў больш чым на 500 еўраў, а вага мусіць быць не большая за 25 кілаграмаў. Самалётам можна ў два разы болей. Жыхары Берасця гавораць:

«Абмяжоўваць людзей, гэта толькі іх злаваць».

«Вельмі шмат людзей задумваецца, дзе ім цяпер жыць. І ў якой краіне. Я, абсталёўваючы сваю кватэру, не хацела б нешта набываць тут».

«Безумоўна шкада, што будзе менш магчымасцяў прывезці нешта з Польшчы. Бо там кошты таннейшыя часам, большая частка тавараў больш якасная».

І самым сабе стане трохі прасцей рабіць падарункі – калі набываем іх з-за мяжы. Ліміт на пасылкі з-за мяжы з Новага года павысяць з 22 да 200 еўраў. Аднак кошт адной пасылкі не можа перавышаць 22 еўраў. Беларусам, якія цярпяць на пэўныя віды захворванняў, дадуць ільготы. Для іх норма бязмытнага ўвозу тавару поштаю складзе 500 еўраў і 31 кілаграм за месяц.

О, яшчэ сюрпрызы! Лекарам і пацыентам. Павялічыцца час прыёму пацыентаў на 3–5 хвілінаў. Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя абяцае, што чэргі ў паліклініках не вырастуць, маўляў, плынь пацыентаў – перанакіруюць.

Жаўнерам і сяржантам тэрміновай службы падвысіцца грашовае забеспячэнне. Што там яшчэ? На паўгода падвысіцца пенсійны ўзрост. Мужчыны да 61,5. Жанчыны – 56, 5.

Ведаеце, давайце на гэтым спынімся, далей ужо баюся глядзець.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, belsat.eu