«Дзякуй Богу, што не вывезлі ў лес за 150 кіламетраў». Удзельнікі акцыі ў Менску – на Акрэсціна


Вось тут, у ізалятары на Акрэсціна, знаходзяцца затрыманыя арганізатары і ўдзельнікі акцыі «Свабоду палітвязням!» Павел Севярынец, Вольга Мікалайчык, Арцём Чарняк і Леанід Кулакоў. Усіх схапілі ў розных частках гораду, некаторых яшчэ да пачатку самой акцыі!

Пікет салідарнасці з палітзняволенымі актывісты правялі ў аўторак на Кастрычніцкай плошчы. Тады ж большасць затрымалі. Ці быў суд? Ані сваякі, ані праваабаронцы ўсцяж не ведаюць. Сёння паплечнікі прынеслі на Акрэсціна перадачу Паўлу Севярынцу, якую персанал ізалятару прыняў, аднак аніякай інфармацыі не паведаміў.

Дзмітрый Казакевіч, грамадскі актывіст, каментуе:

«Чакаць можна чаго заўгодна: штраф, суткі – мы не здзівімся нічому. Адзінае, што абурае, чаму б не сказаць, як людзям, калі будзе суд, каб мы тут не стаялі другі дзень?»

Сёння раніцай ля суда Першамайскага раёну Менску праваахоўнікі затрымалі яшчэ адну ўдзельніцу акцыі «Свабоду палітвязням» Маю Навумаву. Актывістка прыйшла ў суд, каб даведацца пра лёс паплечнікаў. Дзе яна цяпер – невядома. Гары Паганяйла, Беларускі Хельсінскі камітэт, распавядае:

«Дзякуй Богу, што ўвогуле не вывезлі кудысьці і не выкінулі ў лесе за 150 кіламетраў. Ці яшчэ нешта не зрабілі. Бо мы ведаем выпадкі, калі і збівалі такіх затрыманых у нявызначаных месцах».

У аўторак праваахоўнікі затрымалі таксама актывістаў анархісцкага руху Змітра Паліенку і Насту Гусеву. Меркавана, за фатаграфаванне з чыстымі аркушамі паперы насупраць пастарунку. У графічным рэдактары маладзёны дадалі на аркушы розныя надпісы. Пра лёс і месцазнаходжанне Змітра і Насты сёння нічога невядома. Гары Паганяйла, Беларускі Хельсінскі камітэт:

«Хутчэй за ўсё, на працягу трох гадзінаў з моманту затрымання былі аформленыя пратаколы адміністратыўных затрыманняў. І сталі фармавацца матэрыялы – брацца тлумачэнні, як затрыманых, так і відавочцаў. Ці тых, хто прымаў удзел у затрыманні – тых жа супрацоўнікаў міліцыі, вядомыя тыя ж самыя рапарты».

Утрыманне ў ізалятары без суда можа быць сродкам запалохвання і ўціску, лічыць паплечнік актывістаў Мікола Дзядок, актывіст анархісцкага руху:

«Афіцыйна на суткі амаль нікога не саджаюць. Але вось, калі ласка, вось як яны прызвычаіліся марынаваць людзей без пасадак на суткі. Зноў жа, амаль няма нібыта палітычных зняволеных. То бок людзей асуджаных па артыкулах за ўдзел у экстрэмісцкіх арганізацыях ці па іншых палітычных артыкулах».

На меркаванне адмыслоўцаў, улады не саджаюць актывістаў, бо імкнуцца сфармаваць вобраз «лібералізацыі» у палітычным жыцці краіны для замежнікаў, увага якіх да Беларусі падвышаецца з прычыны як Еўрапейскіх гульняў, што пройдуць у чэрвені, гэтак і прэзідэнцкіх ды парламенцкіх выбараў, першыя з якіх мусяць адбыцца ўжо ў снежні.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu