Дзве траціны беларусаў не зарабляюць прэзідэнцкія «па пяцьсот»


Дзве траціны беларусаў не зарабляюць «прэзідэнцкай» тысячы рублёў, кажа рэальная статыстыка. Атрымліваюць – 800, падлічыў Белстат па выніках траўня. Але вядзецца пра так званы медыянны заробак, які вылічваецца толькі сярод працаўнікоў сярэдняга звяна.

500 долараў ці 1100 рублёў – запаветная планка, да якой беларускі сярэдні заробак імкнуўся не адзін год… У траўні нібыта дацягнулі, але Белстат падлічыў таксама медыянны заробак – ён на 269 рублёў меншы і датычыць 2/3 працаўнікоў.

Аляксандр Ярашук, Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў:

«Лепш звярнуцца да медыяннага і мець рэальны малюнак таго, што адбываецца, чаго не хоча прызнаваць нашая ўлада, таму мы з вамі будзем чуць яшчэ не адзін раз патрабаванні, што трэба выходзіць на паказнік сярэдняга заробку ў 500 долараў.

Сярэдні заробак адказвае на пытанне, колькі сярэдні беларус выдаткуе ў месяц, а медыянны – колькі зарабляе сярэдні беларус.

Да прыкладу, дырэктар фірмы зарабляе 1600 рублёў у месяц, менеджары – па 800 рублёў, і 350 рублёў – тэх-персанал. Сярэдні заробак складзе 950 рублёў, але рэальна большасць працаўнікоў сярэдняга звяна атрымліваюць 800 рублёў. Гэта і ёсць медыянны заробак.

Але кіраўнік краіны рупіцца толькі пра сярэдні заробак:

«Калі нехта думае, што мы будзем плаціць заробкі тым, хто сёння шаўтай-баўтай, не працуюць і зарабляюць 600-700 рублёў, і мы будзем даплачваць да BR 1100, то вы мусіце разумець – за кошт каго?» – абураецца Аляксандр Лукашэнка.

«Шаўтай-баўтай» – гэта не пра нас, кажуць апытаныя намі жыхары Магілёву:

«Месцаў працоўных мала, карупцыя і таму падобнае».

«Пакуль у нас не ўрэгулюецца нешта зверху, народ будзе ў не вельмі добрых умовах жыць і працаваць».

«Наш любімы прэзідэнт, які вельмі шмат кажа і нічога не робіць. Заробкі 300-400 рублёў у Магілёве. Таму мы з’язджаем у Расею на заробкі».

Ёсць і ніжняя мяжа. Каля двух з паловаю адсоткаў беларусаў, паводле Белстату, зарабляюць менш за 300 рублёў у месяц.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum