Дзве галоўныя падзеі гэтага лета


У апошні тыдзень жніўня вынікі сезону падводзіць Наста Кахановіч.

У чэрвені ў Менску праходзілі Другія Еўрапейскія гульні. Паводле справаздачы Міністэрства фінансаў, палова затратаў на імпрэзу пакрывалася коштам бюджэту. Агулам жа гульні каштавалі Br 540 млн. Да прыкладу, гадавы бюджэт Гомля сёлета складае Br 470 млн. Міністэрства спорту налічыла на гульнях 37 тысячаў наведнікаў. А памежны камітэт удакладняе: з іх толькі восем тысячаў заехалі ў Беларусь паводле квіткоў.

«Еўрапейскія гульні заўсёды былі больш іміджавым праектам, чым эканамічным. Заўсёды спартовыя мерапрыемствы – гэта не інвестыцыі, гэта не проста бізнес. Тут, канечне, немагчыма падлічыць, колькі ўклалі, колькі атрымалі грошай. Гэта заўсёды ўплыў на імідж, на тое меркаванне, якое склалася пра Беларусь», – кажа Вадзім Мажэйка, аналітык BISS.

10-га жніўня набыў моц новы закон аб адтэрмінаванні. Згодна з ім, хлопцы прызыўнога ўзросту змогуць узяць адтэрмінаванне толькі аднойчы.

«Я збіраўся паступаць у аспірантуру, але з-за гэтага закону я ўжо так не змагу, бо ў мяне ўжо было адно адтэрмінаванне і мне давядзецца ісці ў войска на год, а потым толькі ў аспірантуру», – кажа актывіст Антон Самаль, актывіст руху «ProtestBY».

Новаўвядзенні ўскалыхнулі грамадства: маладзёны пачалі выходзіць на адзіночныя пікеты. Імкліва павялічвалася колькасць прыхільнікаў руху «ProtestBY» у тэлеграм-чаце, петыцыя за адмену закону сабрала 10 тысяч подпісаў. На восень актывісты плануюць масавую акцыю. Але сёння інтэрнэт-абурэнне не бачнае офлайн.

Больш – у відэаматэрыяле, які выйшаў у выданні навінаў за 27 жніўня

Лета завяршаецца, а ўвосень нас чакаюць выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў.

Наста Кахановіч, «Белсат»